50 чалавек ехалі на грузавіку праз пустыню Сахара. Грузавік зламаўся, і амаль усе памерлі ад смагі
Кіроўца і пасажыры спрабавалі адрамантаваць грузавік, але не змаглі.
У пустыні Сахара, на поўначы Нігера, ад смагі загінулі як мінімум 49 чалавек. Грузавік, на якім яны ехалі, зламаўся за дзясяткі кіламетраў ад найбліжэйшага населенага пункта і крыніцы вады, піша Бі-бі-сі.
Як заявілі напярэдадні ўлады рэгіёна, гэтыя людзі вярталіся з Малі пасля мусульманскага свята Ід аль-Адха (у цюркамоўных краінах яно больш вядомае як Курбан-байрам).
Яны выехалі са стаянкі Тэльхандэк, але, як гаворыцца ў заяве губернатара нігерскай правінцыі Агадэз, збіліся з дарогі і затрымаліся за 80 км ад аазіса Асамака на мяжы Нігера і Алжыра — у мясцовасці, дзе на дзясяткі кіламетраў вакол няма ніводнага населенага пункта.
Кіроўца і пасажыры спрабавалі адрамантаваць грузавік, але не змаглі.
Мясцовыя ўлады даведаліся пра здарэнне ад двух выжылых, якія змаглі дайсці да Асамакі.
«Застаўшыся без вады і не здолеўшы адрамантаваць машыну, большасць не змагла выжыць. Пад грузавіком і вакол яго былі знойдзены дзясяткі нежывых целаў», — гаворыцца ў заяве губернатара.
Ратавальнікі пахавалі загінулых у брацкай магіле. Усе ахвяры былі грамадзянамі Нігера.
Вяртаючыся з месца гібелі амаль 50 чалавек, ратавальнікі натрапілі яшчэ на адзін зламаны грузавік. У ім з Малі ехалі больш за 60 чалавек, і яны праседзелі ў пустыні ўжо тры дні, але яшчэ былі жывыя.
Як паведаміў губернатар у дадатковай заяве, ратавальнікі далі ім вады і дапамаглі адрамантаваць грузавік.
Нігер мяжуе на поўначы з Алжырам і Лівіяй, а праз яго пустынную паўночную частку праходзяць асноўныя маршруты мігрантаў з Заходняй Афрыкі, якія накіроўваюцца да Міжземнага мора і далей у Еўропу.
Губернатар Агадэза ў сваёй заяве падкрэсліў, што гэтая трагедыя яшчэ раз нагадвае, наколькі небяспечнымі могуць быць спробы без належнай арганізацыі перасекчы пустыню, якая раскінулася на тысячы кіламетраў.