У «ЛНР» увялі забарону на трасе, што вядзе ў Крым
Адміністрацыя кіраўніка «ЛНР» увяла забарону на пасажырскія перавозкі па трасе «Наваросія» і дарозе Р-150. Яна ўступіла ў сілу а 4:00 раніцы сёння і будзе дзейнічаць да асобнага распараджэння, паведамляе «Камерсант».
Забарона датычыцца рэгулярных і нерэгулярных пасажырскіх перавозак на ўчастках трас: Р-150 Белгарад — Старабельск — Луганск — Данецк — Марыупаль (км 518+910 — км 532+255) і Р-280 «Наваросія» Растоў-на-Доне — Марыупаль — Мелітопаль — Сімферопаль.
Акрамя таго, на ўсёй тэрыторыі «ЛНР» забаронена перавозіць групы дзяцей, за выключэннем мерапрыемстваў, якія праводзяцца Міністэрствам адукацыі і навукі рэспублікі. Рух прыгарадных цягнікоў будзе арганізоўвацца Міністэрствам транспарту «ЛНР».
Адміністрацыя таксама рэкамендавала жыхарам не карыстацца названымі аўтадарогамі. Унутраныя аўтобусныя рэйсы працягнуць працу, але ў некаторых выпадках маршруты могуць быць змененыя.
Раней паведамлялася, што Украіна пераразае шляхі забеспячэння расійскай арміі па трасе Таганрог — Марыупаль — Мелітопаль — Джанкой.