БЕЛ Ł РУС

Журналіст Івашын шосты раз сустракае дзень народзінаў у няволі

6.06.2026 / 09:31

Nashaniva.com

Сёння Дзянісу Івашыну споўнілася 47 гадоў.

Шосты раз журналіст сустракае дзень народзінаў у няволі, з іх трэці раз у следчай турме № 8 у Жодзіне, дзе яго трымаюць на турэмным рэжыме, піша Радыё Свабода.

Ужо паўтара года Дзянісу не дазволеныя званкі сваякам, але лісты і паштоўкі да яго даходзяць.

У адным з апошніх лістоў палітвязень даслаў сваякам свой новы верш, які ў фэйсбуку выклала жонка Вольга.

Услухоўваюся. Чую шэпт расістых каласоў,
Гаманкіх чайцаў па-над бруістаю Плісаю,
Гутарку ветрыку ў нерушы адвечных лясоў
І калюжанскую песню, што спавівае калыску.

«Гэта зноўку чатырохрадкоўе, напісаў і даслаў бацькам яго Дзяніс у мінулы чацвер. Хуткасць, з якой новая карэспандэнцыя далятае да нас ад Дзяніса, адназначна нам падабаецца, хай бы захоўвалася так і надалей!» — пракаментавала публікацыю жонка палітвязня Вольга Івашына ў фэйсбуку.

Паводле звестак ад Вольгі Івашынай, у вязніцы яе муж працягвае шмат чытаць і складае планы далейшай самаадукацыі ў такіх навуках, як паліталогія і сацыялогія.

«Склаў спіс літаратуры нон-фікшн, якую збіраецца прачытаць. Там больш за 10 пазіцый», — адзначае жонка журналіста Івашына.

Пра фізічны стан мужа Вольга шмат звестак не мае.

«Звычайна дадае: «фізічны стан нармалёвы, прычын для хвалявання няма, маральна-баявы дух — на вышыні». Гэтак і зараз», — паведаміла Вольга Івашына.

Дзяніс Івашын быў затрыманы 12 сакавіка 2021 года ў Гродне і асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц зняволення за нібыта «здраду дзяржаве» (арт. 356 Крымінальнага кодэксу) і «незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці» (арт. 179 КК). Яго трымаюць ва ўмовах строгага рэжыму ў турме № 8 у Жодзіне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула