Мінскі каршэрынг прапанаваў легендарную «капейку»
Мінскі каршэрынг Hello аб’явіў пра запуск новага напрамку ў аўтапарку — рэтрааўтамабіляў.
Першай машынай стала легендарная «капейка» — ВАЗ-2101, якая ўжо даступная для арэнды праз мабільны дадатак, піша Blizko.by.
У кампаніі называюць навінку не проста аўтамабілем, а сапраўднай машынай часу. Ідзе гаворка пра класічную мадэль, з якой для многіх пачыналася аўтамабільная гісторыя некалькіх пакаленняў кіроўцаў.
Рэтрааўтамабіль захаваў свае асаблівасці: механічную каробку перадач, храмаваныя элементы кузава і пазнавальны дызайн 1970-х.
У каршэрынгу адзначаюць, што галоўная асаблівасць машыны — максімальна «жывое» кіраванне без сучасных электронных памочнікаў.
Арандаваць ВАЗ-2101 змогуць карыстальнікі старэйшыя за 25 гадоў са стажам кіроўцы не менш за два гады. Кошт паездкі пачынаецца ад 0,89 рубля за хвіліну.
Цяпер у дадатку даступная блакітная «капеечка». Яшчэ адзін аўтамабіль фісташкавага колеру праходзіць тэставанне і павінен з’явіцца ў сэрвісе ўжо на наступным тыдні. Пры гэтым у кампаніі ўдакладнілі, што рэтрааўтамабілі будуць даступныя толькі ў летні сезон.
Для аматараў незвычайных паездак, фотасесій і аўтамабільнай савецкай спрэчнай настальгіі гэта, мабыць, адна з самых незвычайных навінак мінскага каршэрынгу за апошні час.