БЕЛ Ł РУС

«Цуды апакаліптычнага свету». На Данбасе птушкі віюць гнёзды з дронавага оптавалакна

6.06.2026 / 20:12

Nashaniva.com

Украінскі навуковец Алег Мальчанка, доктар гістарычных навук, які цяпер ваюе ў складзе УСУ на Данбасе, паказаў незвычайнае птушынае гняздо, часткова звітае з аптычнага валакна, якое выкарыстоўваецца ў дронах.

Фота: facebook.com/oleg.mal.cenko.900831

Па словах Алега Мальчанкі, пасля выбуху кіраванай авіяцыйнай бомбы было павалена дрэва, а з яго кроны выпала гняздо, у якое разам з травой і галінкамі былі ўплеценыя кавалкі дронавага оптавалакна. Мальчанка назваў такую знаходку «цудам апакаліптычнага свету» і прыкладам таго, як жывёлы прыстасоўваюцца да новых умоў жыцця нават у зоне баявых дзеянняў.

Фота: facebook.com/oleg.mal.cenko.900831

Ён адзначыў, што птушкі выкарыстоўваюць усе даступныя ім матэрыялы для будаўніцтва сваіх гнёздаў, таму рэшткі сучасных вайсковых тэхналогій таксама становяцца часткай навакольнага асяроддзя. На яго думку, гэта сімвалічна адлюстроўвае здольнасць жывой прыроды прыстасоўвацца да самых складаных абставін.

Фота: facebook.com/oleg.mal.cenko.900831

Разам з тым вайсковец звярнуў увагу на негатыўныя наступствы вайны для птушак. Паводле яго назіранняў, пастаянныя выбухі і стрэлы часта выклікаюць у іх кантузіі і дэзарыентацыю. Некаторыя птушкі падаюць з дрэў, іншыя, узляцеўшы, уразаюцца ў будынкі або слупы.

Алег Мальчанка таксама расказаў пра вялікага стракатага дзятла, які доўгі час жыў каля іх бліндажа і, здавалася, не звяртаў увагі на грукат артылерыі. Аднак падчас аднаго з авіяўдараў птушка загінула ад аскепкаў разбуранага даху суседняга дома.

Чытайце таксама:

Украінскія вайскоўцы для барацьбы з расійскімі дронамі выкарыстоўваюць сеткамёты

УСУ ўпершыню знішчылі расійскі верталёт оптавалаконным дронам

Расійскія войскі пачалі выкарыстоўваць новую зброю — «спячыя дроны»

Каментары да артыкула