БЕЛ Ł РУС

Пашынян прагаласаваў на парламенцкіх выбарах у Арменіі. Ён заявіў, што ніякай напружанасці з Расіяй няма, а шлях да ЕС працягнецца

7.06.2026 / 10:31

Nashaniva.com

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян прагаласаваў на выбарчым участку ў Ерэване, перадае армянская «Радыё Свабода». 

Фота: AP Photo / Anthony Pizzoferrato

На пытанне, ці гатовы ён працаваць у якасці апазіцыі ў выпадку адсутнасці большасці, Пашынян адказаў: «Што народ вырашыць, тое мы і зробім».

Прэм’ер-міністр Арменіі запэўніў, што Ерэван працягне развіваць міжнародныя адносіны. А на пытанне, чаму ў выпадку перамогі ён «збіраецца найперш накіравацца ў Маскву», ён адказаў: «Я паеду і ў Маскву, і ў Вашынгтон, і ў Брусель, і ў Парыж, і ў Тбілісі. Я казаў, што спадзяюся таксама атрымаць магчымасць прыняць удзел у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Баку».

Больш за тое, нягледзячы на апошнія падзеі ў армяна-расійскіх дачыненнях, Пашынян сцвярджае, што не бачыць напружанасці.

«Некаторыя сілы, якія дзейнічаюць у Арменіі, спрабуюць стварыць напружанасць у адносінах паміж Арменіяй і РФ. Гэтая напружанасць не ўзнікае, бо з прэзідэнтам РФ у нас вельмі шчыльныя дачыненні», — дадаў ён.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў днямі падкрэсліваў, што Арменіі трэба выбіраць паміж ЕС і ЕАЭС. 

Пашынян, аднак, заявіў, што Арменію не могуць пазбавіць статусу дзяржавы-члена ЕАЭС: «Рабочыя пытанні такога кшталту бываюць паміж усімі краінамі ЕАЭС. У ЕАЭС усе рашэнні прымаюцца кансэнсусам, і, адпаведна, Арменія таксама мае права вета».

Што тычыцца будучыні Арменіі, прэм’ер-міністр адзначыў, што яны працягнуць шлях дэмакратычных рэформ пры падтрымцы еўрапейскіх партнёраў, дадаўшы, што Еўрапейскі саюз з’яўляецца галоўным партнёрам Ерэвана ў справе правядзення дэмакратычных рэформ.

«Мы працягнем гэты шлях і паспрабуем прывесці Арменію ў адпаведнасць са стандартамі Еўрапейскага саюза, і гэта першая стратэгічная мэта. Пасля гэтага паглядзім, таму што калі Арменія сапраўды цалкам будзе адпавядаць стандартам Еўрапейскага саюза, у нас будзе два магчымыя сцэнарыі. Першы — Еўрапейскі саюз прымае Арменію як паўнапраўнага члена. Іншы варыянт — Еўрапейскі саюз не прымае Арменію як паўнапраўнага члена, бо гэта залежыць ад многіх палітычных нюансаў. Напрыклад, Еўрапейскі саюз можа вырашыць, што не жадае пашырацца. Такое можа здарыцца», — падкрэсліў ён.

У гэтым выпадку, аднак, паводле слоў Пашыняна, Арменія ўсё адно выйграе, «таму што нават пры другім сцэнарыі мы будзем мець краіну, якая цалкам адпавядае еўрапейскім стандартам».

А што тычыцца балансавання дачыненняў паміж Еўрапейскім саюзам і Расіяй, дык гэта, па яго словах, задача знешняй палітыкі. Пашынян нагадаў, што Ерэван праводзіць збалансаваную замежную палітыку і палітыку балансавання.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула