БЕЛ Ł РУС

Сусед па палаце прадаў беларускаму «ветэрану СВА» аўтамабіль — як аказалася, паламаны. А пасля тую машыну яшчэ і скралі

7.06.2026 / 14:15

Nashaniva.com

Беларус купіў аўтамабіль з атрыманай выплаты за раненне. Але машыну ў яго нахабна адціснулі.

Ілюстрацыйнае фота

Варашылаўскі раённы суд Валгаграда ў студзені 2026 года асудзіў мясцовага жыхара Антона Сізых за грабеж: ён пагрозамі завалодаў чужым аўтамабілем. Машына належала мужчыну, які раней быў грамадзянінам Беларусі, а потым паехаў ваяваць за Расію супраць Украіны.

Паводле матэрыялаў справы, пацярпелы ўладальнік аўто раней меў грамадзянства Беларусі. Ён падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны Расіі, каб паехаць на вайну, і за гэта атрымаў расійскае грамадзянства. На фронце ён атрымаў цяжкае раненне — некалькі асколачных.

Менавіта падчас лячэння ў Валгаградскім абласным шпіталі ветэранаў ён і купіў сабе аўтамабіль. Сусед з палаты, родам з Чыты, прадаваў сваю «Тоёту Каролу» 2008 года недзе за $7000. Беларус, які толькі што атрымаў выплату за раненне, вырашыў машыну ўзяць.

Калі купіў, то зразумеў, што сусед яго кінуў і прадаў абы-што — машына адразу пачала есці аліву. Тады беларус аддаў «Таёту» аўтаэлектрыку на рамонт, а сам стаў шукаць, каму збыць машыну. Праз іншага суседа з палаце ён выйшаў на чалавека, які згадзіўся дапамагчы прадаць аўто. Гэтым чалавекам і быў той самы Антон Сізых.

Далей, як устанавіў суд, Сізых прыехаў да аўтаэлектрыка, заявіў, што машыну ён ужо нібыта купіў, і запатрабаваў аддаць яе. Электрык адмовіўся — за рамонт яму заставаліся вінныя грошы. Тады Сізых пад падставай паехаць па грошы ўгаварыў электрыка сесці ў машыну разам з ім. Па дарозе ён спыніў аўто і пачаў адбіраць ключы, пагражаючы расправай — маўляў, той «да раніцы не дажыве» і яму разаб'юць твар. Электрык, баючыся за жыццё, аддаў ключы. Сізых з'ехаў на чужой машыне.

У той жа дзень аўтамабіль, які ўжо аб'явілі ў вышук, заўважыў дарожны патруль. За рулём быў Сізых. Ён настойваў, што нічога не краў, а машыну яму перадалі добраахвотна.

Суд гэтую версію адхіліў. Віну пацвердзілі паказанні абодвух пацярпелых — уладальніка аўто і аўтаэлектрыка, — паказанні дарожных інспектараў і запіс з камеры назірання каля дома электрыка, на якой відаць, як Сізых не дае спыніць машыну і з'язджае на ёй.

Сізых сваю віну не прызнаў. З улікам таго, што ён рэцыдывіст з непагашанай судзімасцю, яму далі тры гады дзесяць месяцаў калоніі строгага рэжыму.

Аўтамабіль вярнулі беларусу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула