БЕЛ Ł РУС

На хутары ў беларусаў жыве дзік Фімка — любіць «Снікерсы» і раўнуе да іншых

7.06.2026 / 17:13

Nashaniva.com

У беларусаў з’явіўся новы інтэрнэт-любімчык — дзік Фімка. Ён жыве на хутары з людзьмі, гуляе па лесе, купаецца ў рацэ і стаў сапраўднай зоркай TikTok.

Фота тут і далей: «Анлайнер»

Фімку падарылі сям’і, калі яму быў усяго месяц, расказвае «Анлайнер». Гаспадары кажуць, што ён «вырас у любові і не ведае, што такое агрэсія».

Цяпер яму год, ён важыць каля 140 кг, але ў будучыні можа дасягнуць і 300 кг.

Асаблівую папулярнасць дзік атрымаў дзякуючы відэа, якія здымае Міхаіл (сын гаспадара). У каментарах людзі пытаюцца: «А Фімка ўвогуле ведае, што ён дзік?»

Фімка паводзіць сябе амаль як сабака: віляе хвастом, любіць увагу і нават хаваецца паміж ног гаспадара, калі ў лесе нешта яго напалохае. Пры гэтым ён вельмі крыўдлівы: калі яго лаяць, можа дэманстратыўна сысці або нашкодзіць у адказ. Аднойчы, напрыклад, з’еў усе ружы ў двары. А яшчэ раўнуе да іншых хатніх гадаванцаў.

Яго любімыя ласункі — чарніцы, карэньчыкі і… Snickers. Праўда, шакалад яму даюць вельмі рэдка. Але варта толькі сказаць слова «снікерс», як стомлены Фімка адразу знаходзіць сілы бегчы далей.

Дзік шмат есць.

«Кашу любіць, асабліва аўсяную, у дзень па два пачкі з'ядае. Варым яму крупы, у кожную порцыю дадаём па 4‑6 яек. А так і мяса, і рыбу, і тварог даём… Сабачы корм есць з задавальненнем. Кабаны ж ўсяедныя. Малако яму падабаецца: калі п'е, аж прыцмоквае», — расказвае гаспадар Уладзімір.

Жартуюць, што Фімка як экскаватар — пастаянна перакопвае зямлю ў пошуках смакаты.

Асобная любоў Фімкі — вада. Ён з задавальненнем купаецца ў рацэ, за што атрымаў мянушкі Рачная свінка і Іхтыяндр. Падчас купання кабанчык літаральна атрымлівае асалоду ад жыцця.

Гаспадары адзначаюць, што ўтрымліваць кабана няпроста: патрэбна шмат часу, цярпення і сіл. Але для іх Фімка — паўнавартасны член сям’і.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула