Некаторыя лаўкостары рызыкуюць абанкруціцца
Усё праз вайну з Іранам.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Вайна з Іранам б’е па авіякампаніях і асабліва па лаўкостарах, папярэдзіў кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA) Уілі Уолш. Праз рэзкі рост цэн на газу і закрыццё важных маршрутаў авіяперавозчыкам даводзіцца лятаць у абход і несці дадатковыя выдаткі, паведамляе Bild.
«На жаль, я баюся, што некаторым авіякампаніям будзе вельмі цяжка справіцца з такімі высокімі цэнамі на паліва», — сказаў Уолш на штогадовай сустрэчы IATA ў Рыа-дэ-Жанейра.
Паводле яго слоў, слабыя гульцы могуць сысці з рынку або быць паглынутымі буйнымі канкурэнтамі, а частка кампаній пачне закрываць стратныя кірункі. Асабліва ўразлівыя бюджэтныя перавозчыкі: яны не маюць такіх крыніц даходу, як бізнэс-клас або буйныя праграмы лаяльнасці.
Пры гэтым Уолш не лічыць мадэль лаўкостараў правальнай і прыводзіць у прыклад Ryanair, які працягвае паспяхова расці ў Еўропе.
Канфлікт ужо сур'ёзна ўскладніў рух праз Дубай, Доху і Абу-Дабі, з-за чаго цярпяць Emirates, Qatar Airways і Etihad. Дадатковай праблемай для галіны застаюцца затрымкі паставак самалётаў і рухавікоў у Boeing, Airbus, GE Aerospace і Pratt & Whitney.
Паводле ацэнкі IATA, збоі ў ланцужках паставак каштавалі авіякампаніям у 2025 годзе каля 11 мільярдаў даляраў.