Ці за любое фота ў рапсавым полі будуць штрафаваць?
Навіны пра тое, што за фота ў рапсавым полі могуць аштрафаваць, многіх узрушылі. А як тады здымаць?
Фота: сацсеткі
Міліцыя Брэсцкай вобласці ў сваім канале патлумачыла: прамой забароны на фотасесіі ў квітнеючых палях, у тым ліку рапсавых, няма. Але ёсць нюанс.
«Калі людзі заходзяць у рапс дзеля эфектных здымкаў, расліны мнуцца, ломяцца, а таксама зразаюцца або рвуцца грамадзянамі ў букеты. І гаворка ідзе далёка не пра некалькі кветак.
Пасля масавых фотасесій на палях нярэдка застаюцца цэлыя вытаптаныя сцежкі і вялікія лысіны. Для аграрыяў гэта ўжо цалкам рэальная шкода ўраджаю.
Калі шкода пасевам будзе даказана, аматараў эфектных здымкаў могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, прадугледжанай арт. 11.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Памер штрафу складае да 30 базавых велічынь, або да 1350 беларускіх рублёў», —
каментуе старшы інспектар міліцыі грамадскай бяспекі УУС Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Зарэмба.
Міліцыя піша, што любавацца краявідам і здымаць яго на камеру дазволена — але з дарогі ці ўзбочыны.