У Расіі пачалі збіраць асаблівыя BMW X6. Дылеры адмаўляюцца браць гэты канструктар
«Не маюць нічога агульнага з паўнавартаснымі BMW».
Фота: Autonews
На калінінградскім заводзе «Аўтатор» пачалі выпуск красовераў BMW X6 40d. У падобнай версіі аўтамабілі расійскай зборкі не прадаваліся нават да 2022 года, калі BMW афіцыйна мела вытворчасць у Калінінградзе. Але дылеры не хочуць іх браць, піша Autonews.
У Расіі збіраюць усю лінейку буйных красовераў BMW — X5, X6 і X7. Асаблівасцю новых BMW X6 сталі версіі 40d з сістэмай ачысткі выхлапу AdBlue. Але гэта ўсё яшчэ старыя кузавы і не кітайскія версіі.
Дылеры гэтыя машыны браць не хочуць.
У дылерскім цэнтры «АвтоАвангард» кажуць, што такіх аўтамабіляў у іх няма. Паводле слоў прадстаўніка кампаніі, гаворка можа ісці пра кузавы і машынакамплекты, якія заставаліся на прадпрыемстве з 2021—2022 гадоў і пасля былі даўкамплектаваныя.
Ён таксама адзначыў, што падобныя аўтамабілі выклікаюць пытанні з пункту гледжання ідэнтыфікацыі і далейшага абслугоўвання. На яго думку, гэтыя красоверы не будуць распазнавацца фірменнымі сэрвісамі BMW.
«Па VIN-нумары немагчыма атрымаць інфармацыю пра камплектацыю і гісторыю аўтамабіля. Не зусім зразумела, якія менавіта вузлы і агрэгаты там усталяваныя», — дадаў прадстаўнік кампаніі.
У дылерскім цэнтры «Аўтапорт» сказалі, што
«нават сабраныя з засталых машынакамплектаў аўтамабілі не маюць нічога агульнага з паўнавартаснымі BMW, а сама марка не мае дачынення да іх вытворчасці».
«Прадстаўніцтва BMW не прызнае такія аўтамабілі. Па сутнасці, гэта канструктар, сабраны з рэшткаў камплектаў», — заявіў супрацоўнік фірмы.
Ён таксама папярэдзіў, што ўладальнікі такіх машын рызыкуюць сутыкнуцца з цяжкасцямі пры тэхнічным абслугоўванні.