БЕЛ Ł РУС

65‑гадовага гамельчука асудзілі за спробу дыверсіі на чыгунцы і здраду дзяржаве. Што вядома?

8.06.2026 / 15:14

Баляслаў Ліманоўскі

Сяргея Стасенку судзілі адразу па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Яму пагражала да дваццаці гадоў калоніі.

Сяргей Стасенка. Фота: Belpol. Ілюстрацыйная выява згенераваная з дапамогай ШІ

Сяргею Стасенку 65 гадоў. Ён з вёскі Лагуны Добрушскага раёна. Гэта невялікая вёска на мяжы з Расіяй і блізка да ўкраінскай мяжы. Побач праходзіць чыгунка ў бок украінскага горада Гарадня і размяшчаецца вайсковы аэрадром.

Па звестках Belpol, раней мужчына кіраваў кампаніяй «Белаўтаматыкасэрвіс», якая рэмантуе вымяральныя прыборы, але звольніўся адтуль у 2014 годзе. Пазней Сяргей кіраваў праектнай арганізацыяй «Рэмкатлапраект» і меў уласную кампанію «ТэрмаСтайл», якая займалася ізаляцыйнымі работамі.

З 2018 года працаваў страхавым агентам «Белдзяржстраха» па Гомельскім раёне.

Апошнім часам, магчыма, Сяргей працаваў у Расіі — ён меў там рахункі і адрас.

Апошні раз Стасенка быў анлайн у лістападзе 2025 года — тады ён уступіў у суполку пра дарожную абстаноўку ў Гомелі. Неўзабаве пасля гэтага яго арыштавалі.

Судзілі мужчыну ў Гомельскім абласным судзе за цэлы шэраг нібыта незавершаных злачынстваў, бо ўсе абвінавачванні ідуць праз артыкул за замах. У спісе — замах на стварэнне экстрэмісцкага фармавання, спроба дзяржаўнай здрады, незаконнае абыходжанне са зброяй, а таксама замахі на акт тэрарызму і наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць рэек.

Улічваючы, што ўсё гэта адбывалася вакол вёскі Лагуны, якая знаходзіцца недалёка ад мяжы і важнай транспартнай інфраструктуры, верагодна, гаворка ідзе пра чарговую справу рэйкавага партызана.

Дакладны тэрмін зняволення невядомы, але мужчыну пагражала да 20 гадоў калоніі.

Чытайце таксама:

Беларускамоўнага шматдзетнага бацьку з Мінска судзілі па палітычнай крыміналцы

Сям’ю з Мінска будуць судзіць за здраду дзяржаве і кантрабанду зброі. Іх, падобна, затрымалі на мяжы — вось што вядома

Маладую бухгалтарку з Калінкавічаў асудзілі за Гаюна

Каментары да артыкула