Тэлефонныя махляры прымусілі 19‑гадовую мінчанку раздзецца перад камерай
Дзяўчыне патэлефанавалі пад выглядам службы дастаўкі кветак і дазналіся код з SMS нібыта для пацвярджэння паслугі.
Затым ілжэправаахоўнік абвінаваціў яе ў распаўсюджванні сакрэтнай інфармацыі і прыгразіў пакараннем за саўдзел у тэрарызме. Каб выправіцца, яна павінна была супрацоўнічаць, піша «Міліцыя Мінска».
Спачатку яе прымусілі задэклараваць ашчадак: дзяўчына сфатаграфавала свае 100 рублёў і склала дзве заявы — нібыта для Нацбанка і аб забароне апрацоўкі персанальных даных. Ад мінчанкі патрабавалі пастаянна быць на сувязі і забаранілі выключаць тэлефон нават уначы.
Пазней дзяўчыне загадалі набыць у растэрміноўку iPhone апошняй мадэлі. У краме яна пазначыла нумар тэлефона маці для сувязі, а калі той прыйшло SMS аб афармленні крэдыту, мінчанка схлусіла, што гэта памылка, і пераканала яе нічога не рабіць.
Пасля адмены гэтага задання куратар даў дзяўчыне новае: ад яе запатрабавалі відэапацвярджэнне добраахвотнага супрацоўніцтва — трэба было раздзецца перад камерай, каб паказаць адсутнасць сінякоў.
Ашуканцы працягвалі запэўніваць, што рахункі мінчанкі ўзламаныя і выкарыстоўваюцца для фінансавання забароненых арганізацый. Пад страхам пакарання яна аформіла дзве новыя SIM-карты і забрала пад чужым балконам скрутак з грашыма, пасля чаго перадала яго наступнаму кур'еру.
Яшчэ праз некалькі дзён яна забрала грошы ў васьмігадовага дзіцяці і паспрабавала адправіць іх ашуканцам праз банкамат, але той зламаўся, затрымаўшы каля 7 тысяч рублёў.
Бацькі дзіцяці звярнуліся ў міліцыю — дзяўчыну затрымалі. Ёй растлумачылі, што яна дзейнічала паводле ўказанняў ашуканцаў, і павінна вярнуць астатнія 4 тысячы рублёў.