БЕЛ Ł РУС

У маі УСУ вызвалілі амаль на 100 квадратных кіламетраў больш, чым страцілі — Сырскі

8.06.2026 / 14:48

Nashaniva.com

З пачатку года УСУ вызвалілі 600 квадратных кіламетраў украінскай зямлі.

Аляксандр Сырскі. Фота з яго сацсетак

Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Аляксандр Сырскі падвёў вынікі дзейнасці войскаў за май. Паводле яго слоў, нягледзячы на жорсткі націск расійскага войска, украінскім сілам удалося нанесці ворагу сур’ёзныя страты, у тым ліку эканамічныя страты ў тыле.

Паводле Сырскага, сітуацыя на лініі сутыкнення застаецца складанай і дынамічнай — расійскія войскі не спыняюць спроб прасоўвання на ўсходзе і поўдні Украіны, а інтэнсіўнасць баёў істотна вырасла. Найбольш гарачымі пунктамі застаюцца Пакроўскі, Аляксандраўскі і Гуляйпольскі кірункі. 

Тым не менш, Сілы абароны Украіны ўтрымліваюць ініцыятыву на асобных участках. 

«Па выніках актыўных дзеянняў у маі суадносіны вызваленых і страчаных тэрыторый складаюць амаль +100 квадратных кіламетраў на нашу карысць. Усяго з пачатку года вызвалена больш за 600 квадратных кіламетраў украінскай зямлі», — сказаў Сырскі.

Асобна ён вылучыў працу сістэм далёкага дзеяння (Deep Strike), якія мэтанакіравана білі па эканоміцы, што абслугоўвае вайну. За месяц было атакавана 111 варожых аб'ектаў вайскова-прамысловага комплексу, энергетыкі і паліўнай інфраструктуры. 

«Прамая і ўскосная эканамічная шкода, нанесеная праціўніку ў выніку аперацый Deep Strike у маі, склала каля 1,058 млрд даляраў», — сказаў Сырскі. 

Кіраўнік УСУ таксама дадаў, што ўпершыню ў межах адзінай задумы была рэалізавана серыя паспяховых удараў па аб'ектах ВПК і паліўна-энергетычнага комплексу непасрэдна на тэрыторыі Масквы і Маскоўскай вобласці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула