БЕЛ Ł РУС

Беларус вывеў на сваёй экаферме аўстралійскіх ракаў

8.06.2026 / 15:09

Nashaniva.com

На першай у Беларусі крэветкавай экаферме ў Ляхавіцкім раёне атрымалі ўласнае патомства аўстралійскіх ракаў. Пра гэта Office Life расказаў яе ўладальнік Уладзімір Гатоўчыц.

У сакавіку Уладзімір Гатоўчыц прывёз з Расіі больш за 1,5 тысячы малькоў і 15 дарослых асобін аўстралійскага рака. Гэта дазволіць павысіць прывабнасць экафермы для турыстаў і адпрацаваць працэс вырошчвання нетыповых для Беларусі відаў з разлікам на будучыню.

Мэта — разводзіць некалькі відаў ракападобных і адзін-два віды рыб, а таксама наладзіць выпуск уласнага корму, каб стварыць самадастатковую вытворчасць, якая не будзе залежаць ад пасадачнага матэрыялу і кармавой базы.

Для вывядзення аўстралійскіх ракаў павялічылі інкубатар, дзе цяпер утрымліваецца першы вывадак — каля 1 тысячы малькоў. Інкубацыйны перыяд працягваецца, і фермер найбліжэйшым часам чакае значнага павелічэння колькасці патомства.

Прадпрымальнік Уладзімір Гатоўчыц запусціў крэветкавую экаферму ў пачатку 2025 года ў Альхоўцах Ляхавіцкага раёна ў будынку былой школы. Для развядзення ён прывёз з Астраханскай вобласці крэветак Розенберга.

У жніўні мінулага года ён самастойна пачаў разводзіць беларускіх крэветак з ікры, атрыманай у мясцовых умовах. А ў кастрычніку мінулага года на экаферме пачалі праводзіць экскурсіі.

Пры выхадзе на поўную вытворчую магутнасць фермер разлічвае атрымліваць да 300 кілаграмаў жывых крэветак штомесяц.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула