Ізраіль вырашыў спыніць удары па Іране
Паводле паведамленняў ізраільскіх СМІ, улады Ізраіля прынялі рашэнне спыніць ваенныя ўдары па Іране. Як сцвярджаюць крыніцы выданняў, такое рашэнне было прынята пасля перамоў прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху з вузкім колам міністраў і адпавядае просьбе прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Fatemeh Bahrami/Anadolu via Getty Images
Пры гэтым паведамляецца, што ізраільскія ўдары па тэрыторыі Лівана могуць працягвацца. У Іерусаліме заяўляюць, што ў выпадку новых атак з боку шыіцкага радыкальнага руху «Хезбала» аперацыі супраць яго аб’ектаў будуць адноўленыя.
Раней у той жа самы дзень іранскае вайсковае камандаванне таксама заявіла пра спыненне атак супраць Ізраіля. Аднак у Тэгеране папярэдзілі, што ў выпадку далейшых баявых дзеянняў, у тым ліку ізраільскіх удараў па паўднёвым Ліване, адказ можа быць больш жорсткім.
На гэтым фоне агенцтва Reuters паведаміла пра атакі беспілотнікаў па аб’ектах курдскіх узброеных фармаванняў у Іраку каля горада Сулейманія. Паводле крыніц у службах бяспекі, адзін удар быў нанесены па базе пешмерга (курдскіх узброеных сілаў), другі — па лагеры іранскіх курдскіх апазіцыйных груп.
Прэм’ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф выказаў меркаванне, што перамовы паміж ЗША і Іранам могуць неўзабаве прывесці да дасягнення пастаўленых мэтаў, і заклікаў усе бакі да стрыманасці.
Чытайце таксама:
Пасля забойства аяталы Хаменеі Крэмль стаў баяцца ўласных камер назірання — бо і іх можна ўзламаць
Трамп — Ірану: Вы адстралялі свае ракеты, дастаткова. Вяртайцеся за стол і заключайце здзелку
Іран запусціў балістычныя ракеты па Ізраілі пасля ўдару Ізраіля па Бейруце