Колькасць беларусаў у Літве з ДНЖ працягвае змяншацца
З пачатку года іх колькасць зменшылася на 1360 чалавек.
Колькасць беларусаў у Літве працягвае змяншаецца. З пачатку 2026 года колькасць беларусаў з ДНЖ знізілася з 50 286 да 48 926 чалавек, піша «Волна» са спасылкай на звесткі Дэпартамента міграцыі.
Нагадаем, што на піку літоўскі ДНЖ (любых тыпаў) мелі 62 844 грамадзяніна Беларусі. Так, паводле афіцыйных даных ад літоўскага дэпартамента міграцыі, было на 1 красавіка 2024 года. Да таго часу лічба беларусаў у Літве з дзейнымі ДНЖ пастаянна расла.
За 2023 год прырост склаў крыху больш за 13 тысяч чалавек, а пікавым быў 2022 год, калі ў Літве прыбавілася амаль 18 тысяч грамадзян Беларусі з ДНЖ. За 2021 год дадалося 7,6 тысячы беларусаў.
А потым пачалося змяншэнне, прычым з 1 красавіка 2024 года па 1 красавіка 2025 года адток беларусаў быў найбольшы — 9105 чалавек, або 15 працэнтаў.
Украінцы застаюцца самай вялікай групай замежнікаў у Літве. На 1 чэрвеня ў краіне налічваўся 78 141 грамадзянін Украіны, што крыху больш, чым раней. Агульная колькасць замежнікаў з дзеючымі дазволамі на пражыванне ў Літве за месяц вырасла з 218 227 да 220 429 чалавек.
З пачатку года прыкметна павялічылася колькасць грамадзян Узбекістана — да 11 556 чалавек, Індыі — да 8 746, Таджыкістана — да 7 151, Філіпін — да 4 388 чалавек.
Сярод працоўных дазволаў лідарамі застаюцца беларусы і ўкраінцы, але за імі ўжо ідуць грамадзяне Узбекістана, Таджыкістана і Індыі. Сярод студэнцкіх дазволаў у лідарах Індыя, Пакістан, Бангладэш, Беларусь і Марока.