БЕЛ Ł РУС

Як замяніць старыя сапсаваныя аўтамабільныя нумары на новыя

12.06.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Калі рэгістрацыйны нумар з гадамі пашкодзіўся ці пацярпеў у выніку ДТЗ, яго можна замяніць на новы. Вось як гэта зрабіць.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Куды звяртацца?

Заменай рэгістрацыйных знакаў займаецца паліграфічны цэнтр МУС, які знаходзіцца ў Мінску па адрасе: вуліца Грушаўская, 7в.

Кошт паслуг для фізічных асоб — 45 рублёў за пару або 35 рублёў за замену аднаго знака.

Для юрыдычных даражэй — 60 рублёў і 45 рублёў адпаведна.

Калі звяртацца непасрэдна ў паліграфічны цэнтр, то сама працэдура па замене нумароў у залежнасці ад чаргі займае каля 15—30 хвілін.

Для афармлення замовы пры сабе трэба мець:

— рэгістрацыйныя знакі, якія трэба замяніць;

— тэхпашпарт;

— пашпарт, або пасведчанне кіроўцы;

— квітанцыю аб аплаце, аплаціць можна на рахунак або праз АРІП.

Для юрыдычных асоб спатрэбяцца: плацежнае даручэнне, пашпарт або даверанасць.

Важна: каб абнавіць нумары, вы мусіце мець на руках абодва знакі. Калі хоць адзін з іх згублены, то давядзецца нанова праходзіць рэгістрацыю аўто ў ДАІ.

Пры гэтым нумарныя знакі могуць быць пашкоджаныя, але да пэўнай ступені. Напрыклад, не падлягаюць замене знакі, якія змяшчаюць менш за тры лічбы нумара або не змяшчаюць літарных сімвалаў серыі і нумара рэгіёна. Але паламаныя на кавалкі пры наяўнасці ўсіх частак замяніць можна — галоўнае, каб кавалкі супадалі па разломах.

Што рабіць, калі вы не ў Мінску?

Калі вы жывяце не ў сталіцы і не хочаце туды ехаць дзеля абнаўлення нумароў, то абмяняць старыя на новыя можна праз мясцовае аддзяленне ДАІ. Для гэтага неабходна запоўніць заяўку, аплаціць паслугі па вырабе новых нумароў, а таксама іх дастаўку.

Кошт дастаўкі залежыць ад адлегласці да МРЭА. Для фізічных асоб ён складае ад 11,25 рубля за камплект, калі дастаўка ажыццяўляецца ў межах Мінскага раёна, і да 33,75 рублёў, калі да мясцовага ДАІ больш за 200 кіламетраў (лічыце — у любы абласны цэнтр).

Для юрыдычных — ад 15 рублёў да 45 рублёў за камплект у залежнасці ад адлегласці.

Заяўлены тэрмін дастаўкі нумароў да бліжэйшага МРЭА ДАІ складзе 14 дзён. Дастаўкі непасрэдна на адрас пражывання няма.

Падрабязней азнаёміцца з гадзінамі працы і плацежнымі рэквізітамі можна па спасылцы

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула