БЕЛ Ł РУС

КДК расказаў пра схему незаконнага вываду грошай у беларускім шоу-бізнэсе

9.06.2026 / 11:49

Nashaniva.com

Прадстаўнікі шоу-бізнэсу выкарыстоўвалі схему праз афіліяваную юрыдычную асобу ў Расіі. Пра гэта паведаміў старшыня КДК Васіль Герасімаў, піша Sputnik. Імаверна, гутарка ідзе пра затрыманне дырэктара Палаца Рэспублікі Максіма Прыхадоўскага, пра што «Наша Ніва» раней распавядала

Васіль Герасімаў. Фота: Белта

Сутнасць схемы ў тым, што ад імя расійскай кампаніі ў Беларусі выконваліся паслугі выступу выканаўцаў і артыстаў на канцэртах у дзяржаўных установах культуры.

Паводле звестак КДК, у 2022—2024 гадах арганізатары вывелі праз гэты канал за мяжу больш за 16 млн беларускіх рублёў і схавалі прыбытак на 2,8 млн рублёў. Назва фірмы і імёны яе фігурантаў не называюцца.

Імаверна, справа тычыцца затрымання дырэктара Палаца Рэспублікі і дэпутата Мінгарсавета Максіма Прыхадоўскага, а таксама кіраўнікоў прыватных івэнт-кампаній, пра што «Наша Ніва» раней распавядала. Былы дырэктар Палаца Рэспублікі ўжо на свабодзе і нават з новай пасадай

Герасімаў агучыў і іншыя вынікі працы кантралёраў. Так, паводле яго слоў, КДК выкрыў групу, якая ўвозіла ў краіну медыцынскія тавары ад імя замежнай кампаніі. Сума нявыплачанага ў бюджэт падатку на прыбытак склала 4,5 млн беларускіх рублёў.

Усяго за мінулы год было выяўлена 195 злачынстваў, звязаных з ухіленнем ад платы падаткаў.

Таксама ў 2025 годзе КДК зафіксавалі больш за 120 фактаў выплаты заробкаў у канвертах. Выпадкі выплаты шэрага даходу былі ў дачыненні да больш як 11 тысяч работнікаў камерцыйных арганізацый.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула