БЕЛ Ł РУС

Тыкток захапіў мем з манга. У чым сэнс?

9.06.2026 / 13:31

Nashaniva.com

У тыктоку людзям пачалі трапляцца выявы манга ці ролікі з крыкамі «Mangos! Mangos! Mangos!». Адкуль узяўся гэты мем і што ён значыць?

Гісторыя незвычайнай папулярнасці трапічнай садавіны пачынаецца з YouTube. У 2023 годзе сальвадорскі трэш-блогер Альфрэда Ларын зняў ролік, у якім сыпаў на сябе плады манга і крычаў «Mangos! Mangos! Mangos!», а пасля гатаваў садавіну. Гэта ідэя настолькі спадабалася выканаўцу LDRR, што ён наклаў на бессэнсоўныя крыкі фонк-музыку і зрабіў з гэтага трэк пад назвай «Mangos TikTok-версія».

Блогер Альфрэдо Ларын — заснавальнік мема «Mangos». Скрыншот: alfredolarin / YouTube

Трэк хутка стаў папулярным у кітайскай сацсетцы. Яго пачалі выкарыстоўваць у кароткіх мемных відэа з Trollge — інтэрнэт-персанажам са злавеснай усмешкай, які ўжо некалькі гадоў з'яўляецца героем абсурдных жартаў і страшылак.

Новы ўсплёск папулярнасці мем атрымаў летам 2025 года. Тады адзін з карыстальнікаў TikTok змясціў гэтую ўсмешку на твар Марка Грэйсана — галоўнага героя мультсерыяла «Непераможны» («Invincible»), а відэа суправадзіў трэкам «Mangos! Mangos! Mangos!». Атрыманая выява атрымала назву «Манга Марк» і хутка разышлася па сацсетках.

Пасля гэтага людзі пачалі масава паўтараць жарт, ствараючы ўсё новыя варыяцыі «Манга Марка». Так мем пра трапічную садавіну ператварыўся ў адзін з самых пазнавальных сімвалаў новай хвалі інтэрнэт-абсурду.

Гэты мем, як і папулярны цяпер «6-7», адносіцца да тыпу мемаў brainrot, што ў перакладзе азначае «гніенне мозгу» — гумар, створаны на абсурдзе (як, напрыклад, бамбардзіра-кракадзіла і балерына-капучына).

Скрын: armenjiharhanjan / TikTok

Сам жанр brainrot ужо даўно жыве ў беларускім сегменце сацсетак. Карыстальнікі ствараюць уласных персанажаў паводле канонаў — напрыклад, Лукашэнку-Бульбашэнку.

Мем з манга ў белтыктоку існуе пераважна ў выглядзе каментароў. Прычым пакідаюць іх не толькі пад відэа пра манга і ці пад ролікамі пра ежу. Злыдня, які прапаноўвае пачаставацца садавіной, можна сустрэць пад самымі рознымі відэа — ад навін да жыццёвых сюжэтаў.

Мем з манга ў каментары пад адным з беларускіх навінавых тыктокаў

Часта пры стварэнні такога гумару выкарыстоўваюць штучны інтэлект, а самі ролікі характарызуюцца адсутнасцю сэнсу, аднатыпнымі варыяцыямі і гумарам нізкай якасці, пабудаваным на абсурдзе, пажаднасці і чалавечай фізіялогіі. 

Чаму гэта смешна? У большасці выпадкаў адказу няма. У гэтым і сутнасць brainrot-мемаў — яны не прапануюць класічнага жарту з нечаканай развязкай. Чым больш чалавек бачыць у стужцы крыкі «Mangos! Mangos! Mangos!», тым мацней пачынае адчуваць сябе часткай інтэнэт-супольнасці.

Часткова гэта і самаіронія над сучасным інтэрнэтам. Карыстальнікі разумеюць, што глядзяць бессэнсоўны кантэнт, але працягваюць гэта рабіць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула