БЕЛ Ł РУС

Naviband ужо год не могуць выехаць з Польшчы і двойчы пераносілі еўрапейскі тур

9.06.2026 / 14:34

Nashaniva.com

Нядаўна гурт выпусціў новую песню.

Беларускі гурт Naviband ужо больш за год чакае дакументаў і таму пакуль выступае толькі ў Польшчы. За гэты час музыкам давялося двойчы перанесці еўрапейскі тур.

Канцэрт Naviband у клубе Progresja, Варшава, 23 траўня 2026. Фота: naviband / Threads

Пра гэта Арцём і Ксенія расказалі пасля вялікага сольнага канцэрта ў Варшаве, які ледзь не сарваўся — за некалькі дзён да выступу Ксенія Жук амаль цалкам страціла голас. Па словах музыкаў, падобная сітуацыя адбываецца ўжо не ўпершыню, але гэтым разам прыйшлося нават звяртацца да доктара.

«Зараз усё ў парадку. Гэта не першы выпадак, таму схема, каб вярнуць голас, прапрацаваная. Звычайна ў вакалістаў гэта частае пытанне. А прыйсці ў сябе дапамагае маўчанне, практыкаванні па дыханні і падтрымка блізкіх».

Naviband ужо трэці год запар збіраюць поўную залу папулярнага музычнага клуба Progresja у Варшаве (змяшчае да 2000 чалавек). У 2024‑м яны ўпершыню вырашылі выступіць на сцэне такога вялікага клуба, адзначыўшы дзесяцігоддзе гурта. А летась там жа прэзентавалі новы альбом «Адліга». Чакаюць артыстаў і ў іншых краінах, але пакуль што выступаць за межамі Польшчы яны не могуць.

«Мы ўжо год чакаем дакументаў і даем канцэрты пакуль толькі ў Польшчы. І вельмі чакаем сустрэчы ў іншых краінах. Ведаем, што і людзі чакаюць. Прыйшлося перанесці ўжо два разы еўрапейскі тур. Дакладна ведаем, што нас чакаюць у Вільні, у Германіі і Нідэрландах, вялікае жаданне маем, каб зрабіць канцэрт у Кіеве», — распавялі музыкі.

Нядаўна выйшаў новы рэліз гурта — песня «Свой сярод чужых». Паводле Naviband, гэта гісторыя не толькі пра асабістыя перажыванні, але і пра досвед многіх беларусаў, якія сёння жывуць паміж рознымі краінамі.

«Хто цяпер я, хто цяпер ты?» — гучыць у новай песні.

«Гэта пра ўсіх нас, хто ў эміграцыі і ў Беларусі адчувае, што нешта адбываецца не так. Людзей усё больш працягваюць раздзяляць паміж так званымі «беглымі» і тымі, хто застаўся. Наўмысна ствараючы адлегласць паміж намі. Трэба знаходзіць сілы не спыняцца рабіць сваю справу і верыць, што гэтыя цёмныя часы скончацца».

Пакуль Naviband чакаюць магчымасці вярнуцца да паўнавартаснага еўрапейскага тура, музыкі працягваюць рыхтаваць новыя рэлізы і канцэрты ў Польшчы.

«Рыхтуем новы сінгл. А таксама серыю летніх канцэртаў у вельмі атмасферных месцах на адкрытых пляцоўках. Мінулы раз гэта была Варшава і Уроцлаў. Сёлета хочацца дадаць яшчэ некалькі гарадоў. Чакайце навін!».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула