У Музей вольнай Беларусі перадалі выбарчыя бюлетэні-2020, якія не паспелі да канца спаліць у кацельні
Іх і іншыя сведчанні супраціву з 9 па 26 чэрвеня можна пабачыць у Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве на выставе «Дэпатрыяцыя».
Расказваем падрабязней пра некалькі экспанатаў.
Каманда музея на працягу некалькіх месяцаў працавала, каб бяспечна вывезці і захаваць у сваёй калекцыі рэчы, што сталі сведкамі выбараў-2020, пратэстаў 90‑х і нулявых, затрыманняў, зняволення, гвалту, дваровых сустрэч, салідарнасці і супраціву.
У суме музей на сёння сабраў каля 170 артэфактаў і некалькі тысяч фотаздымкаў і відэазапісаў.
З меркаванняў бяспекі многія рэчы пакуль не дэманструюцца ў сталай экспазіцыі. Частка ж з іх — ананімізаваная.
Ацалелыя бюлетэні, на якіх можна пабачыць галасы людзей, перадала музею былая палітзняволеная, актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Паліна Шарэнда-Панасюк.
Камплект з 20 бюлетэняў уручылі ёй жыхары Брэста, уратаваўшы іх ад поўнага спалення ў печы гарадской кацельні.
Адданым галасам за Святлану Ціханоўскую папярэднічала яе рэгістрацыя кандыдаткай у прэзідэнты. На выставе можна пабачыць тое самае пасведчанне аб рэгістрацыі.
А гэтая чорная байка належыць журналісту і блогеру Аляксандру Івуліну. У яе ён быў апрануты падчас судовых пасяджэнняў 2021‑2022 гадоў.
Сярод прадметаў, якія былі эвакуяваныя ў межах праекта, шмат сведчанняў і з 1990-х. Напрыклад, запрашэнне на акцыю «Чарнобыльскі шлях — 1996»; брашура «Шлях у нікуды, альбо Два гады прэзідэнцтва А. Лукашэнкі», выдадзеная ў 1996 годзе; перадвыбарчая ўлётка Станіслава Шушкевіча з прэзідэнцкай кампаніі 1994 года.
Фота: «Наша Ніва»
А гэта — значок з «джынсавай рэвалюцыі» 2006 года. Лічба 16 — нагадванне пра «Дзень нашай салідарнасці», штомесячную акцыю, якая адбывалася ў 16‑ы дзень кожнага месяца як напамін пра забітых рэжымам Лукашэнкі беларускіх апазіцыйных палітыкаў і журналістаў.
Супрацоўнікі музея працягнуць збіраць рэчы-доказы злачынстваў і салідарнасці, ахвярнасці і нязломнасці беларусаў. Каманда верыць, што аднойчы ўсе прадметы зоймуць ганаровае месца ў музеі ўжо на беларускай вуліцы.