З'явіліся першыя ў гісторыі гэтай вайны ВІДЭА пралёту ўкраінскай ракеты FP-5 Flamingo над Расіяй
У сеціве ўпершыню з'явіліся кадры, на якіх зафіксаваны палёт найноўшай украінскай ракеты FP-5 Flamingo ў глыбокім тыле Расійскай Федэрацыі. Відэазапіс пралёту апублікаваў тэлеграм-канал Supernova+.
Цэллю гэтага ракетнага ўдару стаў вайсковы завод «ВНІІР-Прагрэс», размешчаны ў горадзе Чэбаксары (сталіца Чувашыі, больш за 600 км ад мяжы з Украінай). Як паведамляе незалежніцкі тэлеграм-канал «Сердитая Чувашия» (@ChuvashiaDream), у выніку прылёту будынкі стратэгічнага прадпрыемства атрымалі істотныя разбурэнні.
Завод «Прагрэс» з'яўляецца крытычна важнай цэллю для абароны Украіны. Раней яго ўжо двойчы спрабавалі атакаваць беспілотнікі.
Гэта прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці высокатэхналагічных кампанентаў для патрэб расійскага войска — у прыватнасці, антэн «Камета» і спецыяльных спадарожнікавых прымачоў. Менавіта гэтыя модулі расіяне ўсталёўваюць на свае дроны, крылатыя ракеты «Калібр», балістычныя комплексы «Іскандэр», а таксама на кіраваныя авіябомбы, каб абараніць іх ад уздзеяння ўкраінскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.
Ракетны ўдар па гэтым вузле здольны сур'ёзна затармозіць вытворчасць расійскага высокадакладнага ўзбраення.