БЕЛ Ł РУС

Украіна стварае танную альтэрнатыву ракетам Patriot. Але выпуск магчымы, толькі калі падключацца Францыя, Італія і Нарвегія

10.06.2026 / 11:40

Антось Жупран

Ва ўмовах вострага дэфіцыту дарагіх заходніх перахопнікаў украінскія вытворцы распрацавалі айчынную зенітную сістэму, якая больш чым у пяць разоў таннейшая за амерыканскія аналагі і можа вырабляцца масава ўжо ў найбліжэйшы час.

Запуск ракеты FP-7.x. Скрын відэа: Kanal13AZ / YouTube

Пастаянныя расійскія ракетныя і дронавыя атакі вымусілі Украіну шукаць радыкальныя рашэнні для абароны свайго неба. Паколькі заходнія запасы сістэм Patriot і SAMP-T абмежаваныя, а амерыканская вытворчасць цяпер у значнай ступені перанакіравана на патрэбы Блізкага Усходу, Кіеў зрабіў стаўку на ўласную распрацоўку.

Як паведамляе Financial Times, украінскі вытворца зброі Fire Point заявіў, што на мінулым тыдні правёў першае лётнае выпрабаванне новай зенітнай ракеты FP-7.x. Сузаснавальнік кампаніі Дзяніс Шцілерман у інтэрв’ю выданню назваў гэтыя выпрабаванні «даволі паспяховымі».

Вытворца сцвярджае, што кошт адной ракеты FP-7.x складзе каля 700 тысяч долараў. Для параўнання, паводле бюджэтных ацэнак арміі ЗША на 2026 год, адна ракета Patriot PAC-3 каштуе каля 3,8 мільёна долараў. Такім чынам, украінская распрацоўка можа быць больш чым у пяць разоў таннейшай.

Паводле Шцілермана, ужо ў жніўні прадпрыемства зможа выпускаць па тры ракеты ў дзень, якія будуць захоўвацца да моманту ўстаноўкі інфрачырвонай галоўкі саманавядзення, якую Fire Point спадзяецца атрымаць ад нямецкай кампаніі Diehl Defence. Поўнасцю гатовыя ракеты з’явяцца да 2027 года.

Як адзначае FT, ракета FP-7.x з’яўляецца ключавым элементам новай еўрапейска-украінскай сістэмы супрацьпаветранай абароны пад назвай «Фрэя» (Freyja). Кампанія не раскрывае сваіх кантрагентаў, аднак украінскія і еўрапейскія чыноўнікі паведамляюць, што Fire Point вяла перамовы з нямецкай Hensoldt і французскай Thales адносна радараў, з італьянскай Leonardo — наконт сістэм суправаджэння цэляў, а таксама з нарвежскай Kongsberg адносна тэхналогій кіравання і кантролю.

Зенітная ракета FP-7.x. Скрын відэа: Kanal13AZ / YouTube

Паводле распрацоўшчыкаў, рэалізацыя праекта цяпер у значнай ступені залежыць ад таго, наколькі хутка будуць дзейнічаць заходнія партнёры.

Тэхнічна FP-7.x павінна наблізіцца да магчымасцяў Patriot. Паводле Fire Point, ракета здольная дзейнічаць на вышынях да 25 кіламетраў — прыкладна на ўзроўні амерыканскай сістэмы. Яна таксама павінна мець дастатковую хуткасць для перахопу балістычных ракет.

Аднак паміж дзвюма сістэмамі ёсць важныя адрозненні. Patriot выкарыстоўвае высокадакладнае навядзенне праз магутныя наземныя радыёлакатары. Украінская ракета таксама выкарыстоўвае радыёлакацыйнае навядзенне, але на фінальным этапе палёту пераходзіць на інфрачырвонае саманавядзенне па цеплавым следзе цэлі. Цеплавое навядзенне звычайна лічыцца менш эфектыўным, чым радарнае, з-за магчымасці выкарыстання цеплавых пастак і сродкаў радыёэлектроннага супрацьдзеяння.

У інтэрв’ю FT эксперт па супрацьракетнай абароне Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў у Вашынгтоне Том Карака (Tom Karako) адзначыў, што FP-7.x можа папоўніць арсенал СПА Украіны, які ўключае старыя савецкія сістэмы, амерыканскія ракеты Hawk і сучасныя нямецкія перахопнікі IRIS-T. Аднак сістэма «Фрэя» наўрад ці стане паўнавартаснай заменай больш прасунутым сістэмам, такім як Patriot.

На яго думку, пры абароне ад поўнага спектру пагроз неабходна выкарыстоўваць розныя віды ўзбраення. Таму правільней разглядаць новую ўкраінскую распрацоўку як дадатак да Patriot, а не як яе прамога пераемніка.

Нягледзячы на скептыцызм, Fire Point ужо не раз здзіўляла назіральнікаў. Яшчэ летась многія сумняваліся ў планах кампаніі па стварэнні танных крылатых ракет. Аднак пасля гэтага яна прадэманстравала поспехі з дальнабойным беспілотнікам FP-1, які выкарыстоўваўся для ўдараў па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах і нават па ваенным караблі каля Санкт-Пецярбурга. Актыўна выкарыстоўваецца і сярэднедалёкі комплекс FP-2, які наносіць удары па расійскай лагістыцы на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Эксперты адзначаюць, што гэтыя ўзоры зброі не адрозніваюцца асаблівай малазаўважнасцю, але эфектыўна выкарыстоўваюць недахопы расійскай радыёлакацыйнай сеткі. Менавіта таму многія цяпер больш уважліва ставяцца і да новага праекта супрацьракетнай абароны.

Паводле ацэнкі кансультанта ў сферы абароны Марка Ланжэ (Marc Lange), галоўная цяжкасць пры стварэнні супрацьбалістычных ракет заключаецца ў тым, што іх вельмі складана выпрабоўваць. Для давядзення такіх сістэм да патрэбнага ўзроўню патрабуюцца гады інжынернай працы і вялікая колькасць рэальных перахопаў.

Аднак Украіна апынулася ў асаблівай сітуацыі: пастаянныя расійскія балістычныя атакі адначасова ствараюць пагрозу і даюць магчымасць хутчэй назапашваць практычны вопыт, які ў іншых краін звычайна з’яўляецца толькі праз дзесяцігоддзі эксплуатацыі падобных сістэм.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула