БЕЛ Ł РУС

Сваякі махляроў запісалі зварот да Лукашэнкі. Кажуць, што тыя — звычайныя бізнэсмены, проста скуплялі тэхніку за капейкі

10.06.2026 / 11:44

Дзяніс Рудніцкі

Асудзілі людзей па справе «хуткіх пазык». Па даных следства, ад дзеянняў групы пацярпелі больш за 200 чалавек і тры банкі. Агульны кошт шкоды — 875 тысяч рублёў. Але сваякі не бачаць у гэтым ніякага злачынства і кажуць, што заявы ў пацярпелых вымагаў ГУБАЗіК.

Сваякі асуджаных па справе «хуткіх пазык». Скрыншот відэа ў тыктоку

Відэазварот да Лукашэнкі з’явіўся ў тыктоку. Людзі ў кадры кажуць, што з’яўляюцца сваякамі 13 асуджаных па справе «хуткіх пазык».

Яны распавядаюць, што сёлета вясной у судзе Цэнтральнага раёну Гомеля асудзілі трынаццаць маладых людзей (адзінаццаць з іх цяпер знаходзяцца пад вартай). Усіх іх прызналі вінаватымі па 4 частцы артыкулу 209 (махлярства, здзейсненае групай асоб або ў асабліва буйным памеры). Магчымае пакаранне па гэтым артыкуле — ад 3 да 10 гадоў.

Сваякі даволі туманна тлумачаць, чаму іх блізкія апынуліся за кратамі. Кажуць, што няма ў тым, што людзі рабілі, складу злачынства. Маўляў, працавалі як звычайныя прадпрымальнікі.

Мужчына ў кадры кажа:

— Абвінавачанне нашых родных створана штучна. Ніводны з 238 кліентаў, прызнаных пацярпелымі, не звяртаўся з заявай у праваахоўныя органы альбо з прэтэнзіяй да прадпрымальніка. Іх выклікалі супрацоўнікі ГУБАЗіК і СК, прымушалі пісаць заявы. Многім пагражалі, што інакш яны будуць саўдзельнікамі. Паказанні пацярпелых запісваліся не з іх слоў, пра што многія з іх адкрыта сказалі ў судзе. Указвалі на ціск з боку следства, паказанні пацярпелых напісаны ўсе пад капірку: аднолькавыя фразы, аднолькавыя высновы. Хаця як 238 чалавек, незнаёмых адзін з адным, маглі даваць аднолькавыя паказанні?

Ён жа дадае, што ніводны з пацярпелых не заявіў, што яму не была выплачана загадзя абумоўленая сума. Кажа, пацярпелыя ў судзе пацвердзілі, што ўмовы здзелкі былі выкананы. Але суд палічыў, што людзей падманулі.

Другі мужчына тлумачыць: іх сваякоў асудзілі за тое, што яны праз падман забралі чужую маёмасць. З яго слоў ужо можна крыху зразумець, аб чым ідзе гаворка.

Калі казаць коратка, то гэтая схема старая як свет. Людзі займаліся мікрапазыкамі. Чалавеку прапаноўвалі аформіць на сябе ў крэдыт ці растэрміноўку нейкую тэхніку ў краме. А калі той атрымліваў у рукі пакупку, яе выкупалі па значна заніжаным кошце. Пасля перапрадавалі гаджэт ужо за нармальныя грошы.

З аднаго боку, чалавек хутка атрымліваў грошы, з іншага — потым быў вымушаны месяцамі (а то і гадамі) выплачваць той крэдыт па высокай стаўцы.

Сваякі кажуць, што не бачаць у гэтым махлярства. Сцвярджаюць, што ніякага падману не было, а іх родныя сумленна тлумачылі ўсе нюансы здзелкі — ну а іншыя ж дарослыя людзі, якія самастойна прымалі рашэнні, пасуе ім схема ці не.

Аргумент такі: людзі самі афармлялі крэдыт ці растэрміноўку. Умовы пагашэння павінны былі растлумачыць у краме. Дык, маўляў, якія пытанні да тых, хто не мае ніякага дачынення да дамовы на тыя крэдыты ды растэрміноўкі?

— Яны проста потым выкупалі тэхніку па канкрэтнай цане, якую агаворвалі загадзя, грошы аддавалі адразу. Пры гэтым пісьмова афармлялі куплю-продаж.

Насамрэч, справа «хуткіх пазык» была рэзананснай — «Гомельская праўда» пісала пра сямейны падрад. Арганізатар з Гомеля падказаў жонцы-бухгалтарцы ідэю, як можна хуценька зарабіць. А потым яшчэ знайшоў супрацоўнікаў у рэгіёнах.

Мэтавай аўдыторыяй махляроў-бізнэсоўцаў былі пенсіянеры, беспрацоўныя, студэнты — словам тыя, каму тэрмінова патрэбна хоць колькі грошай.

Рэкламныя ўлёткі расклейвалі па ўсёй краіне, а на сайце прадпрымальнікаў віселі лагатыпы вядомых банкаў. Працавалі проста: збіралі заяўкі, менеджары па тэлефоне прызначалі сустрэчы ў гандлёвых цэнтрах. Ужо на месцы хуценька людзей угаворвалі ўзяць у растэрміноўку нейкую дарагую тэхніку. Яе махляры выкупалі за палову кошту. Потым гаджэты прадавалі па аб'явах і дзялілі прыбытак.

Адзначаецца, што ахвяры праз пачуццё віны рэдка звярталіся ў міліцыю.

Налічаны агульны кошт шкоды — 875 тысяч рублёў. Каля паловы было сплачана яшчэ да суда.

Фігурантам справы прызначылі тэрміны ад 3 да 8 гадоў калоніі. Таксама яны павінны выплаціць штраф — ад 100 да 400 базавых велічынь, гэта значыць ад 4500 да 18000 рублёў.

Сваякі ж кажуць, што гэта ўсё несправядліва.

— Следства і судовы працэс суправаджаліся беспрэцэдэнтным ціскам і жорсткасцю. Падчас пасяджэнняў суда было заяўлена аб недазволеных метадах следства, пагрозах і гвалце над нашымі роднымі на этапе следства. Больш за тое, факты фізічнага гвалту з боку супрацоўнікаў міліцыі, якія ажыццяўлялі канваіраванне, адбываліся проста ў перапынках паміж судовымі пасяджэннямі.

Мужчына кажа, што сваякі прасілі выклікаць хуткую дапамогу ў суд, адрэагаваць на парушэнні, але суд і прадстаўнік пракуратуры праігнаравалі гэта.

Жанчына ў кадры цытуе Лукашэнку: той казаў пра недапушчальнасць фальсіфікацыі матэрыялаў крымінальных спраў і ціску на абвінавачаных.

— Просім вас узяць пад асабісты кантроль разгляд гэтай справы з мэтай забяспечыць законны, аб'ектыўны і справядлівы разгляд справы ў судзе апеляцыйнай інстанцыі. Мы вельмі спадзяёмся на вашу ўвагу да гэтай праблемы. І што вы не дапусціце парушэння законнасці і справядлівасці ў нашай цудоўнай краіне. Хочацца верыць, што гэты выпадак з'яўляецца выключэннем з агульнай практыкі праваахоўнай сістэмы нашай дзяржавы.

Менш чым за суткі відэа набрала каля паўмільёна праглядаў у тыктоку. Меркаванні каментатараў падзяліліся: адны шкадуюць сваякоў, другія лічаць, што ўсё зроблена слушна, трэція наракаюць на тое, што закона ў краіне даўно няма.

Чытайце таксама:

Тэлефонныя махляры прымусілі 19‑гадовую мінчанку раздзецца перад камерай 

У махляроў новая пастка для пенсіянераў: адмовіцца амаль немагчыма

Засталася без кватэры і назапашванняў на $25 000. Работніцу мінскай ВНУ развялі ашуканцы

Махляры прымусілі мінчука напісаць заяву аб неразгалошванні

Каментары да артыкула