Мазаічныя вітражы, унікальныя люстры. Як рэстаўруюць галоўны ЗАГС Мінска
Галоўны ЗАГС Мінска на Камуністычнай, 8 перастаў прымаць маладых з вясны 2024 года. З таго часу ў памяшканнях ідзе рэканструкцыя. І калі летась унутры ўсё выглядала далёкім ад гатоўнасці — суцэльны дэмантаж і разруха, то сёння там ужо праглядаецца прыгажосць, піша Onliner.
Візуальна будынак не змяніўся, бо гэта і не прадугледжвалася з-за яго гісторыка-культурнай каштоўнасці. Замененыя арачныя вокны, з’явіліся новыя дзверы, уваходныя групы абліцавалі натуральным шэрым гранітам.
А вось унутры змены відавочныя: багатыя дзверы з масіву з дэкаратыўнай разьбой, такія ж зашыўкі для радыятараў, венецыянская тынкоўка, адноўленыя мазаічныя вітражы і трыптых савецкага мастака-манументаліста Леаніда Дударэнкі, які адлюстроўвае этапы беларускага вясельнага абраду.
З дня на дзень чакаюць прыбыцця трох унікальных вялікіх люстраў.
У фае левага крыла будынка — новая падлога з керамаграніту, а ў правым захаваны дубовы паркет, які пасля шліфоўкі і пакрыцця лакам зазіхаціць як новы: спецыялісты ўдакладнілі, што час над якаснай працай не ўладны.
У выніку перапланіроўкі з’явілася яшчэ адна зала для правядзення цырымоній, пабольшалі пакоі жаніха і нявесты, створанае бязбар’ернае асяроддзе, зроблены яшчэ адзін дадатковы ўваход, які раней, дарэчы, існаваў.
Калі менавіта Палац грамадзянскіх абрадаў зноў будзе радаваць герояў урачыстасцей і іх гасцей, пакуль не паведамляецца.