«Калі я даведалася аб прысудзе бацькам, страціла прытомнасць». Сям’ю з Мінска асудзілі за «здраду дзяржаве» і «кантрабанду зброі»
Мінскі гарадскі суд 10 чэрвеня прысудзіў шалёныя тэрміны сям'і з Мінску: Таццяне Корсакавай, яе мужу Дзмітрыю Корсакаву, а таксама завочна іх дачцэ — Пелагіі.
Сям’і з Мінска далі дзікія тэрміны, прад’явіўшы абвінавачанні ў шпіянажы, здрадзе дзяржаве і незаконным абароце зброі, піша «Салідарнасць».
Дзмітрыю і Таццяне Корсакавым і іх дачцэ Пелагіі прысудзілі, адпаведна, 14, 12 і 11 гадоў зняволення, а таксама патрабаванне пакрыць штраф у памеры 50 тысяч рублёў.
Як аказалася, страх для беларускага рэжыму ўяўляюць супрацоўнікі дзіцячага садка №518 — 57‑гадовая Таццяна і 56‑гадовы Дзмітрый, якія больш за 8 месяцаў утрымліваюцца ў СІЗА. А таксама іх 27‑гадовая дачка Пелагія. Дзяўчыну судзілі завочна, бо яна знаходзіцца ва Украіне.
— Калі я даведалася аб прысудзе бацькам, страціла прытомнасць, — распавяла «Салідарнасці» Пелагія. — Калегі выклікалі мне хуткую, сказалі, што я рэзка збялела і адключылася. У бальніцу мяне павезлі проста з працы. Калі прыйшла ў сябе, медыкі распавялі, што ў мяне знямелі ногі і рукі, і яны баяліся, што здарыцца мікраінсульт. Але ўсё абышлося. Зараз я дома.
Распавядаючы пра сваіх бацькоў, дзяўчына плача.
— Гэта самыя мірныя і добрыя людзі. Мама працавала выхавацелькай у яслях і была цьютарам для дзяцей з аўтызмам. Яна выгадавала не адно пакаленне дзяцей. Я таксама калісьці працавала ў гэтым садку цьютарам, у нас была інклюзіўная група. А тата быў у садку рабочым: пафарбаваць лаўкі, адрамантаваць мэблю.
Наогул тата — майстар на ўсе рукі, акрамя гэтай працы ён займаўся рамонтамі кватэр, рабіў усё вельмі якасна, да яго звярталася шмат людзей. І мама, і тата ўсё жыццё дапамагалі іншым.
Сама Пелагія пасля ўдзелу ў пратэстах, хаваючыся ад рэпрэсій, у 2021 годзе вымушана была з’ехаць ва Украіну.
— Калі пачалася вайна, я вырашыла тут застацца і дапамагаць, чым змагу. У мяне ёсць праца, я SMM і графічны дызайнер.
Таксама займаюся валанцёрскай дзейнасцю, я каардынатар валанцёраў хуткага рэагавання на месцы прылётаў. Мы першымі прыязджаем на завалы пасля ракетных абстрэлаў, забіваем у кватэрах вокны фанерай, прыбіраем шкло і наогул прыбіраем у кватэрах. Дапамагаем пажылым, сем’ям з дзецьмі, у цэлым, усім пацярпелым у розных месцах. Таксама займаемся эвакуацыяй людзей і жывёл з небяспечных зон.
З бацькамі Пелагія заўсёды была на сувязі, не хавала ад іх, чым займаецца, высылала відэа.
— Вядома, яны вельмі хваляваліся за мяне, сачылі за навінамі ў тых раёнах, дзе я знаходзілася. Мама магла патэлефанаваць а 6‑й раніцы і спытаць, як я, ці сышла ва ўкрыццё, таму што наш раён абстрэльваюць.
— Як вы даведаліся пра затрыманне бацькоў?
— У верасні мінулага года, 26 чысла мне патэлефанаваў тата і вымавіў страшны тэкст: «Мяне затрымалі, мама патрапіла з інсультам у бальніцу, прыязджай, усё вельмі дрэнна». Пасля слухаўку ўзяў нехта, хто не прадставіўся, і працягнуў: «Вашы бацькі затрыманы, калі вы хочаце, каб мы іх адпусцілі, вы павінны прыехаць».
То-бок іх канкрэтна ўзялі ў заложнікі і нават не хавалі гэтага. Пасля я даведалася, што мама насамрэч не трапляла ў бальніцу, гэта была жахлівая маніпуляцыя.
Мне стала вядома, што іх забралі, нават не забралі, а проста выкралі з дому, калі мама вярнулася з працы. Правялі ператрус, усё перавярнулі, канфіскавалі тэхніку, забралі флэшкі з камеры, усталяванай у кватэры.
Пасля таго званка я два тыдні дакладна не магла ні есці, ні спаць, ні працаваць. Асабліва страшным было тое, што я нічога не магла даведацца пра маму і тату.
Пелагія кажа, што сваякі з Беларусі з ёй не камунікуюць, нейкую інфармацыю пра бацькоў перадаюць часам зусім незнаёмыя людзі.
— Я ведала, што іх паўгода трымалі ў СІЗА КДБ, пасля чаго перавялі ў іншыя СІЗА. Таксама даведалася, што ў бацькі пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, аж да шпіталізацыі. На жаль, не ведаю ніякіх падрабязнасцей. Мой тата ніколі не хварэў, займаўся спортам, але яго ўтрымлівалі ў вельмі дрэнных умовах, з-за чаго і з’явіліся праблемы. У мамы даўно былі праблемы з ціскам і каленамі. Яна пастаянна павінна была рабіць дарагія ўколы, і я не ведаю, ці ёсць у яе зараз доступ да гэтых лекаў.
Паўтара года таму сям’я ўбачылася ўпершыню за 4,5 года.
— Я падарыла бацькам пуцёўку ў Егіпет на Каляды, а потым зрабіла сюрпрыз і прыехала сама. Гэта былі цудоўныя дні разам. Мы купаліся, елі клубніцы з манга, кайфавалі.
Абвінавачанні і сабе, і бацькам дзяўчына лічыць цалкам абсурднымі.
— Якая зброя, якая здрада дзяржаве! Адзінае наша «злачынства» ў тым, што я знаходжуся ва Украіне, і мы не гублялі сувязь, стэлефаноўваліся. А яшчэ бацькі за мяне перажывалі. На падставе гэтага, атрымліваецца, службы развілі сваю бурную фантазію. Мяркую, што падобным чынам здзекуюцца і шантажуюць тых, хто знаходзіцца ва Украіне.
Пару гадоў таму мне паступіў дзіўны званок. Мужчына таксама не прадставіўся і сказаў, што мая мама знаходзіцца ў бальніцы ў цяжкім стане, маўляў, тэрмінова прыязджайце. Я адразу набрала маму, яна тады вельмі здзівілася і нават аджартавалася: «Пелагія, не перашкаджай працаваць, у мяне тут дзеці кругом».