БЕЛ Ł РУС

Расійскія вайскоўцы амаль год злівалі сакрэтныя дакументы і паролі ў адкрыты чат у Telegram

11.06.2026 / 15:30

Nashaniva.com

Журналісты выдання ASTRA выявілі ў Telegram публічную групу з красамоўнай назвай «Бл*дская организация». На працягу амаль цэлага года там штодня выкладваліся спасылкі на закрытыя нарады камандавання, а таксама сакрэтныя распараджэнні штаба 5‑й арміі РФ. 

У адкрытым доступе апынуліся спасылкі на відэаканферэнцыі для начальнікаў штабоў, зампалітаў і афіцэраў кіравання 143‑га гвардзейскага мотастралковага палка. Акрамя гэтага, у чат скідвалі спісы асабовага складу, табліцы размяшчэння комплексаў відэаназірання, заяўкі на боепрыпасы і нават лагіны, паролі і ключы двухфактарнай аўтэнтыфікацыі для прагляду трансляцый з беспілотнікаў.

Сярод уцечак знайшліся і сакрэтныя загады штаба 5‑й арміі. Так, распараджэнне ад 7 снежня 2025 года загадвала канкрэтным часцям (уключаючы 127‑ю мотастралковую дывізію і 218‑ы танкавы полк) ствараць фальшывыя пазіцыі. Вайскоўцы павінны былі імітаваць рух тэхнікі і паліць вогнішчы, а таксама здымаць гэта на відэа пад выглядам «праўкраінскіх мясцовых жыхароў», каб дэзынфармаваць украінскую разведку. У дакументах былі прапісаны дакладныя каардынаты гэтых аб’ектаў.

Загад ад жніўня 2025 года сведчыў, што расійскія штурмавікі нясуць сур’ёзныя страты праз дрэннае забеспячэнне і нізкую эфектыўнасць робатаў. Камандаванне патрабавала тэрмінова абсталяваць аўтаматызаваныя важкі тэрміналамі Starlink.

У сетку патрапілі пахвілінныя планы фіктыўных радыёабменаў для падману сродкаў радыёразведкі, а таксама спецыяльныя кодавыя назвы рэк у Запарожскай і Данецкай абласцях (напрыклад, рака «Гайчур» называлася «Волгай»), якія афіцэры выкарыстоўвалі ў размовах.

Чат абнаўляўся рэгулярна, пакуль у канцы красавіка адзін з адміністратараў не заўважыў, што ў групу пачалі масава дадавацца староннія людзі.

«Хто дадаюцца, хто такія? З якой мэтай тут? Потым пачынаюцца незразумелыя гісторыі з уцечкай дадзеных, узламанымі акаўнтамі. Бяспека — па-над усім», — напісаў уладальнік адкрытай групы. 

 4 мая канал перасталі весці, аднак уся гісторыя засталася адкрытай.

Публікацыя ASTRA выклікала шок у Z-асяроддзі. Расійскі ваенны блогер «Угольный из дома» пацвердзіў, што ў сувязі са злівам прыехала праверка, і ў шаленстве заклікаў «паднімаць журналістаў на нажы».

Пры гэтым ён прызнаў, што выкарыстанне цывільных месенджараў у арміі — гэта «прыкры факт», і дадаў, што назву для чату камандаванне выбрала ідэальную, бо лепш стан спраў у штабе і не апішаш.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула