Самую дарагую кватэру ў Мінску ў маі прадалі за 690 тысяч даляраў
Жыллё знаходзіцца ў доме з доўгай гісторыяй. Гаворка ідзе пра жылы комплекс «Поры года» ў цэнтры Мінска каля «Гарызонта», які да атрымання статусу элітнага паспеў пабываць скандальным даўгабудам.
Будаўніцтва дома пачалося ў 2004 годзе, аднак ужо праз некалькі гадоў яго замарозілі. Бізнэсмена Сяргея Дземчука абвінавацілі ў махлярстве і прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Будаўніцтва дома, не без фінансавай дапамогі дольшчыкаў, працягнуў Мінгарвыканкам. У эксплуатацыю дом ўвялі толькі ў 2016 годзе, піша Realt.by.
Нягледзячы на складаную гісторыю, дом усё роўна атрымаўся асаблівым. Ён мае выдатнае размяшчэнне, уласную закрытую тэрыторыю і прэміяльнае ўнутранае аздабленне. Таму кватэры ў гэтым доме не ўпершыню трапляюць у рэйтынгі самых дарагіх здзелак.
Так, самай дарагой кватэрай, прададзенай у маі ў Беларусі, стала жыллё плошчай 189 квадратных метраў. Паводле дакументаў гэта двухпакаёвая кватэра. Жыллё побач з Асмалоўкай і Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Беларусі прадалі за 690 тысяч даляраў. Такім чынам, адзін квадратны метр абышоўся пакупніку ў 3651 даляр.
Адзначым, што ў першыя гады будаўніцтва (у 2004 годзе) кватэры тут прадаваліся па 2500—3500 долараў за квадратны метр, а пасля замарожвання будоўлі выстаўляліся на аўкцыёнах ужо па 1100—1300 даляраў за метр.
Дарэчы, цяпер у гэтым жылым комплексе прадаецца адразу шэсць кватэр. Самая даступная прапанова — чатырохпакаёвая кватэра без аздаблення за 380 тысяч даляраў, а таксама ў продажы ёсць аўтарскія апартаменты коштам 3,1 мільёна долараў.