БЕЛ Ł РУС

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў

12.06.2026 / 10:18

Арына Жураўская

Ганна і Аляксей: пазнаёміліся на пратэстах, разам з’ехалі з радзімы — а хутка возьмуць шлюб у Польшчы. Такая рамантыка з водарам аўтазака магла адбыцца толькі ў беларусаў.

Ганна і Аляксей. Скрыншот відэа ў інстаграме

У Беларусі Ганна скончыла медыцынскі ўніверсітэт, прайшла інтэрнатуру, а пасля пачала працаваць рэнтгенолагам у адной з паліклінік.

У 2020 годзе, як і шмат хто з іншых, дзяўчына не магла глядзець на фальсіфікацыю выбараў і гвалт, таму раз за разам выходзіла на пратэсты. Так атрымалася, што напрыканцы жніўня менавіта там Ганна і пазнаёмілася з Аляксеем.

Ганна смяецца: ужо пасля яна чула гісторыі, што ў некаторых людзей была надзея сустрэць сваю палову недзе на маршы. Але ж кажа, што сама не мела мэты з кімсьці пазнаёміцца падчас пратэстаў.

А вось знаёмыя Аляксея жартавалі: «Давай апранайся папрыстойней, можа, дзяўчыну сабе знойдзеш».

Ганна кажа, што спачатку ніякіх рамантычных адносін у іх не было — некалькі месяцаў маладыя людзі проста «партызанілі» разам. І, акрамя пратэснай актыўнасці, іх нічога не аб'ядноўвала.

Ганна на Дні волі ў Варшаве

Дзяўчына прызнаецца: яна адчула, што Аляксей — гэта не проста хлопец з такімі ж поглядамі і каштоўнасцямі — пасля яго затрымання ў лістападзе 2020 года.

— Затрымлівалі яго пасля адной з акцый даволі жорстка… Далі суткі — спачатку Акрэсціна, потым Жодзіна. Я сама здзівілася, але ў гэты момант закралася думка, што ён вернецца і ўсё, больш я яго не адпушчу. А калі ён выйшаў, я зразумела, што вельмі моцна яго кахаю.

Напрыканцы 2021 года пара вырашыла з'ехаць з Беларусі.

— Праз тое, у тым ліку, што былі пагрозы з боку галоўнай доктаркі. Ёй не падабаліся мае палітычныя погляды. Меркаванне, што ў людзей ёсць нейкія там правы — і што яны могуць іх адстойваць — не вельмі ўпісваецца ў беларускую медыцынскую сістэму.

Маладому чалавеку Ганны заставацца на радзіме было небяспечна. У выніку яны разам эмігравалі ў Польшчу. Тут Ганна ўжо паспяхова здала некалькі абавязковых для медыкаў іспытаў, настрыфікавала дыплом і пачала працаваць як сямейная доктарка. А яшчэ пайшла ў рэзідэнтуру па неўралогіі.

Ганна з’яўляецца мадэратаркай ініцыятывы «Напішы ліст палітвязню», а таксама валанцёркай Беларускага моладзевага хаба.

Шмат беларускіх пар пасля эміграцыі распалася: не ўсе адносіны вытрымліваюць выпрабаванні, якіх у новай краіне больш чым дастаткова. Ганна прызнаецца, што такія сумныя прыклады ёсць нават сярод яе знаёмых — калі людзі разыходзіліся нават пасля 5‑8 гадоў шлюбу, нягледзячы на агульных дзяцей.

Ганна з каханым

Але ж на адносіны Ганны і Аляксея вымушаны пераезд не паўплываў негатыўна.

— Як толькі нейкія складанасці і цяжкасці адбываюцца ў жыцці, то мы, наадварот, з Лёшам аб'ядноўваемся. Як у фільме Power Rangers — збіраемся ў аднаго магутнага робата і проста ідзём напрасткі. Напралом, вырашаючы пытанні, задачы і праблемы, якія, на жаль, не заканчваюцца, калі ты эмігрант у першым пакаленні.

Дзяўчына прызнаецца: пасля трох-чатырох гадоў адносін у яе ўжо не-не ды праскоквалі думкі, што каханы хутка зробіць прапанову рукі і сэрца.

— Агулам было зразумела, што ўсё ідзе да шлюбу. Мы абмяркоўвалі тое, якой бачым нашу будучыню. І нашы планы заўсёды сыходзіліся — там было месца для нас.

Ганна ў Рыме

Але ж у выніку прапанова стала для Ганны сюрпрызам. Адбылося ўсё падчас паездкі з сябрамі ў Італію. У той дзень пара шмат гуляла па Рыме. Вельмі хацелі пабачыць знакаміты фантан Трэві — але днём побач са славутасцю зашмат людзей.

Таму хлопец Ганны прапанаваў пайсці туды ўвечары — гэта была апошняя ноч у сталіцы, цягнуць далей не было куды.

— Шчыра, я была вельмі стомленая і планавала сядзець у апартаментах. Пераапранулася ў дамашнюю вопратку і ўжо амаль што спала. Здалася таму, што арандавалі мы жыллё ў старым горадзе і да фантана было літаральна метраў 200-300. Таму я і пайшла ў хатніх тапачках. Лёша ішоў наперадзе і пасміхаўся. Я спытала: «Давай, распавядай, што здарылася?» — а ён: «Ды нічога». І зноў пасміхаецца, але не прызнаецца. Помню, што працытавала «Уладара пярсцёнкаў»: «Добра, захоўвай свае сакрэты».

Прыйшлі, пасядзелі ля фантана, паглядзелі на прыгажосць… І тут раптам Аляксей прапанаваў зняць відэа з танцам, якое пара планавала запісаць на фоне нейкай славутасці ў Рыме.

І вось, пара танчыць, Ганна кружыцца, у нейкі момант паварочваецца і бачыць, што каханы стаў на адно калена. Гэта было настолькі нечакана для дзяўчыны, што яна адразу падумала: а ці не спатыкнуўся Аляксей?

— А тут я раптам бачу пярсцёнак у яго ў руцэ. У мяне пачынае шумець у вушах — я не пачула нічога, акрамя свайго імя. Я пачала плакаць — такога я сама ад сябе не чакала. Раней думала, што ў такой сітуацыі пушчу слязу, бо міла і ўсё такое. Але эмоцыі так захлынулі, што я плакала і плакала. Раптам зразумела, што я неяк вельмі доўга не адказваю, і кіўнула.

Людзі, якіх, нягледзячы на позні час, было даволі шмат, рэагавалі бурна: апладзіравалі, крычалі «Брава!», пасля падыходзілі павіншаваць пару. А яшчэ дзяліліся відэа — прапанову рукі і сэрца знялі з усіх магчымых ракурсаў. Бо людзі ж здымалі адзін з самых прыгожых фантанаў свету — а тут такое шоу.

Пасля Рыма пара з сябрамі планавала паехаць у Неапаль, потым у Пампеі паглядзець на Везувій. Па дарозе вырашылі спыніцца на пляжы, каб асвяжыцца ў моры.

А потым адбылася сапраўдная драма. Ганна надзявала ўпрыгожванні, якія зняла перад купаннем. І заручальны пярсцёнак — той самы, доўгачаканы! — па-здрадніцку зляцеў з пальца ў пясок.

— Я крычу: «Усім стаяць! У мяне пярсцёнак саскочыў з пальца!». Гляджу ўніз і нічога не бачу. Мы пачалі шукаць — здавалася б, ну не мог ён адляцець далёка. Дзесяць хвілін праходзіць, дваццаць… Адзін з сяброў кажа: «Ну гэта нерэальна». Потым яшчэ адзін прызнае, што наўрад ці адшукаем.

Але Ганна кажа, што ні за што не паехала б з пляжу без заручальнага пярсцёнка. Ужо ўяўляла, як уначы будзе разграбаць пясок пры святле ліхтарыка ў тэлефоне.

Разглядалі розныя варыянты — у тым ліку, выклікаць кагосьці з металашукальнікам.

У гэтай гісторыі ёсць хэпі-энд: сама ж нявеста ўсё ж цудам змагла адкапаць пярсцёнак з белага золата, які адляцеў на некалькі метраў.

Цяпер пара чакае, пакуль Аляксей вырашыць свае пытанні з дакументамі. А далей — вяселле!

У Threads гісторыя Ганны і Аляксея таксама сабрала шмат водгукаў. Павіншавалі закаханых у тым ліку і Маргарыта Ляўчук са Святланай Ціханоўскай.

Чытайце таксама:

Вясельны квэст у эміграцыі: беларусы расказалі, як бралі шлюб у замежжы

«Фемінізм у маім выпадку перамог». Вераніка Станкевіч — пра дапамогу палітвязням у «Вольных» і планы на вяселле з Івуліным

Крысціна Ціманоўская зноў нявеста — з пярсцёнкам ад Tiffany

Каментары да артыкула