Апеляцыйны суд у Італіі адмовіў у экстрадыцыі беларускі, якую затрымлівалі па ордары Інтэрпала
На пачатку лютага Карыну Зданевіч-Спыхальскую затрымалі ў аэрапорце па ордары на арышт, выдадзеным у 2021 годзе намеснікам пракурора Брэста.
Апеляцыйны суд Брэшыі адхіліў запыт Беларусі аб экстрадыцыі грамадзянкі Беларусі і Польшчы Карыны Зданевіч-Спыхальскай. Яна была затрыманая ў лютым па ордэры Інтэрпала, піша Reform.news.
«Я дзякую суддзям за разуменне сітуацыі і за тое, што яны дазволілі мне вярнуцца ў Польшчу, краіну, дзе прайшло ўсё маё жыццё і дзе жывуць мае двое дзяцей. З дапамогай гэтых ордараў на арышт, выдадзеных Інтэрпалам, Беларусь пераследуе тых, хто выступае супраць рэжыму, і наступным крокам павінна стаць іх адмена, каб прадухіліць паўтарэнне такой сітуацыі ў будучыні», — сказала яна выданню Il Giorno.
На пачатку лютага Карыну затрымалі ў аэрапорце Ор’ё-аль-Сэрыа па ордары на арышт, выдадзеным у 2021 годзе намеснікам пракурора Брэста. Ёй інкрымінуецца «наўмысная эканамічная несумленнасць», г. зн. банкруцтва, нібыта здзейсненае ў 2017—2018 гадах. Жанчына звязвае гэты ордар са сваёй палітычнай актыўнасцю ў 2020 годзе.
Карына правяла 5 дзён у турме ў Бергама, затым жыла ў знаёмых у Мілане пад абавязацельства з’яўляцца на выклікі. У сярэдзіне мая меру стрымання для яе анулявалі, і яна вярнулася да сям’і ў Польшчу. Але ў яе заставаліся абавязкі прыходзіць на судовыя слуханні.
11 чэрвеня разгляд яе справы ў італьянскім судзе скончыўся адмовай у экстрадыцыі.
На пасяджэнні разам з Карынай Зданевіч-Спыхальскай прысутнічала віцэ-консул Польшчы ў Мілане Эва Адамчык.
Акрамя таго, юрысты беларускіх дэмсіл прадставілі суду заключэнне, у якім гаварылася, што ў выпадку экстрадыцыі жанчына сутыкнецца з «катаваннем, бесчалавечным або прыніжаючым годнасць абыходжаннем і пераследам за свае палітычныя погляды».