Берлінскі бардэль атрымаў з бюджэту мільёны еўра дапамогі ў сувязі з каранавірусам
Пры гэтым сэкс-работніцы, занятыя ў Artemis, імаверна, увогуле не атрымалі гэтых грошай.
Фота: Sebastian Gollnow/dpa (Photo by Sebastian Gollnow/picture alliance via Getty Images
Найбуйнейшы берлінскі бардэль Artemis падчас пандэміі атрымаў субсідыі на суму не менш за 1,75 мільёна еўра — такія звесткі выданне Bild выявіла ў базе даных аб дзяржаўнай дапамозе.
Выплаты ажыццяўляліся ў рамках розных федэральных праграм падтрымкі ў сувязі з каранавірусам.
Паводле рэестра, кампанія Artemis GmbH атрымала як мінімум пяць траншаў. Найбуйнейшы з іх — больш за 620 тысяч еўра — быў выплачаны ў сакавіку 2021 года.
Уладальнікі бардэля адмовіліся паведамляць, на якія мэты былі выкарыстаны дзяржаўныя субсідыі і ці абавязаныя яны вяртаць частку сродкаў. Паводле інфармацыі на сайце Artemis, жанчыны, якія там працуюць, з’яўляюцца «самазанятымі прадпрымальніцамі, што прапануюць свае паслугі за ўласны кошт».
Выплату такіх вялікіх сум ужо раскрытыкавалі ў прафсаюзе пры партыі «Хрысціянска-дэмакратычны саюз Германіі».
«Паколькі дапамога бардэлям у сувязі з каранавірусам фінансуецца за кошт падаткаплацельшчыкаў, я чакаю дбайнай праверкі гэтых выплат. Мы павінны гарантаваць, што сродкі не трапяць ва ўстановы, звязаныя з прымусовай прастытуцыяй або гандлем людзьмі», — заявіла член федэральнага кіраўніцтва Саюза хрысціянска-дэмакратычных работнікаў Дагмар Кёніг.