18‑гадовы сын Рамзана Кадырава Адам атрымаў званне Героя Чачні. Другі раз
Званне прысвоіў ягоны бацька Рамзан Кадыраў.
Фота: Contributor / Getty Images
Пра новую ўзнагароду паведаміў прэм’ер-міністр Чачні Магамед Даудаў. Паводле яго слоў, званне 18‑гадоваму памочніку кіраўніка Чачні і сакратару Рады бяспекі рэспублікі прысвоіў сам Рамзан Кадыраў — «за выдатныя заслугі перад дзяржавай», «самаадданае служэнне народу», падтрымку «СВА» і ў сувязі з Днём Расіі, пішуць «Осторожно, новості».
Даудаў назваў узнагароду «заслужаным прызнаннем патрыятызму», яго «адказнасці і адданасці Айчыне». Таксама ён заявіў, што сын кіраўніка Чачні «штодня даказвае вернасць высокім прынцыпам служэння Радзіме».
Пры гэтым Адам Кадыраў ужо мае гэтае званне — у 2023 годзе (Адаму было ўсяго 15 гадоў) яму ўжо прысвойвалі званне Героя Чачэнскай Рэспублікі, пра што тады паведаміў дэпутат Дзярждумы і дзядзька Адама Кадырава Адам Дэлімханаў. Двойчы гэтую ўзнагароду атрымліваў і кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў — у 2022 і ў 2025 годзе.
Адам Кадыраў рэгулярна атрымлівае дзяржаўныя, ведамасныя і рэгіянальныя ўзнагароды. Раней яму ўжо ўручалі найвышэйшую ўзнагароду Чачні — ордэн Кадырава (пасля збіцця Мікіты Жураўля), ордэн парламента Чачні «Даймехкан Сый», а таксама медаль Расгвардыі «За баявую адзнаку».