Гомельскага прадпрымальніка прызналі дармаедам, калі ён квартал спрацаваў без прыбытку
Гісторыя выклікала шмат розгаласу ў тыктоку.
Гомельскі прадпрымальнік, які стаў «дармаедам». Скрын з яго новага відэа ў тыктоку
Увесну гісторыя гомельскага прадпрымальніка, якога ўключылі ў базу «незанятых у эканоміцы», абурыла беларускі тыкток. Мужчына здзіўляўся: як можна лічыць «дармаедам» чалавека, які мае ІП, працуе амаль без выходных і часта заканчвае справы позна ўвечары.
Цяпер у гэтай гісторыі з'явіўся працяг.
Прадпрымальнік атрымаў афіцыйны адказ з выканкама і запісаў новае відэа ў тыктоку. Паводле яго слоў, прычына пападання ў базу аказалася ў тым, што ў адзін з кварталаў ён паказаў нулявы прыбытак.
«Атрымалася, што ў мяне выдаткаў было столькі ж, колькі і даходаў. Так бывае: заплаціў арэнду, заробак работніку, ацяпленне, закупіў матэрыялы — і на выхадзе нуль. І зімой здараюцца застойныя месяцы», — тлумачыць ён.
А далей спрацавала сістэма: калі няма адлічэнняў, чалавек можа трапіць у базу грамадзян, якія лічацца не занятымі ў эканоміцы.
«Выходзіць, што я і так нічога не зарабіў у цяжкі перыяд, а мне яшчэ зверху далі бонус у выглядзе павышанай камуналкі», — кажа прадпрымальнік у роліку.
Відэа імгненна сабрала больш за сотню каментароў. Шмат хто стаў на бок прадпрымальніка.
«Нулявы даход не азначае дармаедства», — напісаў адзін з карыстальнікаў.
«Калі вы зарэгістраваныя як ІП, ніхто не мае права прызнаць вас дармаедам. Больш недарэчнай адгаворкі зверху я яшчэ не чуў», — лічаць у каментарах.
Многія каментатары перавялі размову на лукашэнкаўцаў, якіх называлі галоўнымі «дармаедамі» краіны і параўноўвалі іх прывілеі з патрабаваннямі, што дзяржава выстаўляе да звычайных грамадзян.
«Чыноўнікі — самыя галоўныя дармаеды. Спадзяюся, свабода слова яшчэ існуе, бо не хацелася б адказваць за ўласнае меркаванне», — пішуць у каментарах.
«Закон пра дармаедства — нейкі абсурд. Калі ўжо яго прымяняць, дык і чыноўнікаў варта было б пад яго падвесці. Жывуць за народныя грошы, атрымліваюць розныя льготы, санаторыі, дадатковыя выплаты. А што яны вырабляюць? Адны праблемы», — абураецца яшчэ адзін удзельнік дыскусіі.
«Можа, варта праверыць тых, хто сам правярае іншых? Бо, здаецца, яны ўжо занадта шмат сабе дазваляюць», — лічыць іншая карыстальніца.
«Такія законы ператвараюць людзей у нешта накшталт прыгонных. Нездарма кажуць: трымай людзей беднымі і галоднымі — імі будзе прасцей кіраваць. А нас тым часам усё больш абкладаюць падаткамі. І мы працягваем гэта цярпець», — напісаў яшчэ адзін каментатар.
Частка ўдзельнікаў дыскусіі пачала абмяркоўваць сам прынцып фармавання базы.
«Згодна з Канстытуцыяй, праца з'яўляецца правам, а не абавязкам. Артыкул 41 гарантуе грамадзянам права на выбар прафесіі, роду заняткаў і месца працы, а таксама забараняе прымусовую працу. Гэта азначае, што кожны чалавек мае права самастойна вырашаць, працаваць яму ці не, а таксама выбіраць, дзе менавіта працаваць. Канстытуцыя гарантуе права на працу, але не абавязвае чалавека гэтым правам карыстацца», — набраў пад сотню лайкаў адзін з самых папулярных каментароў.
Іншыя звярталі ўвагу на тое, што чалавек можа ўдзельнічаць у эканоміцы нават без афіцыйнага даходу.
«Усе, хто купляе тавары ў крамах, ужо плацяць ПДВ. Значыць, таксама ўдзельнічаюць у эканоміцы», — пісаў адзін з карыстальнікаў.
Іншы коратка сфармуляваў такую пазіцыю: «Дзяржаве патрэбныя твае грошы на існаванне. Калі іх няма, то ты кепскі».
Аднак не ўсе ўдзельнікі дыскусіі сталі на бок прадпрымальніка. Некалькі каментатараў паставіла пад сумнеў саму гісторыю з нулявым даходам і выказала здагадку, што праблема можа быць звязаная з асаблівасцямі вядзення бізнэсу і справаздачнасці.
«Так выходзіць, калі хаваеш даходы. За што вы харчуецеся і жывяце?» — задаецца пытаннем адзін з карыстальнікаў.
«Няведанне законаў не вызваляе ад падаткаў», — нагадвае іншы.
Але такія каментары не атрымалі падтрымкі астатніх удзельнікаў дыскусіі.