Еўрасаюз адкрыў перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы
Краіны Еўрапейскага саюза дасягнулі пагаднення аб пачатку новага этапу перамоў з Украінай і Малдовай адносна іх будучага ўступлення ў ЕС. Пасля двух гадоў блакавання Венгрыя зняла сваё вета, што дазволіла 27 дзяржавам-членам ЕС аднагалосна падтрымаць адкрыццё першага блока перамоў, які называецца «базавым кластарам», піша Euronews.
Еўрапейская сімволіка ў парку ў Кішынёве. Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Andreea Alexandru, File
Канчаткова гэтае рашэнне павінна быць аформлена 15 чэрвеня падчас міжурадавых канферэнцый у Люксембургу, якія будуць праведзеныя асобна з Украінай і Малдовай.
Першы этап перамоў датычыцца найбольш важных пытанняў функцыянавання дзяржавы. У яго ўваходзяць рэформы ў сферы вяршэнства права, незалежнасці судовай сістэмы, барацьбы з карупцыяй, абароны правоў чалавека і нацыянальных меншасцяў.
Менавіта пытанне аб правах нацыянальных меншасцяў было галоўнай прычынай спрэчак паміж Венгрыяй і Украінай. Будапешт сцвярджаў, што венгерская меншасць у Закарпацкай вобласці не мае дастатковых гарантый сваіх правоў, і з гэтай прычыны доўгі час не дазваляў рухацца далей у перамовах. У выніку перамоў паміж двума бакамі быў падрыхтаваны і скарэктаваны план дзеянняў, які задаволіў краіны ЕС.
Кіраўніцтва Еўрапейскага саюза назвала прынятае рашэнне прызнаннем мужнасці і настойлівасці Украіны і Малдовы, якія працягваюць праводзіць неабходныя рэформы, нягледзячы на сур’ёзныя ўнутраныя і знешнія выклікі. Кіраўнікі еўрапейскіх інстытутаў падкрэслілі, што пашырэнне ЕС разглядаецца як стратэгічны выбар, які павінен умацаваць мір, бяспеку і дабрабыт на еўрапейскім кантыненце.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прывітаў гэтае рашэнне і назваў яго важнай палітычнай і маральнай падтрымкай для ягонай краіны і ўкраінскага народа ва ўмовах працяглай вайны.
Увесь працэс далучэння да Еўрапейскага саюза вельмі складаны і падзелены на шэсць вялікіх тэматычных блокаў, якія ўключаюць 33 асобныя раздзелы заканадаўства і дзяржаўнага кіравання. Адкрыццё першага кластара азначае толькі пачатак доўгага шляху, а не хуткае ўступленне ў ЕС.
Украіна разлічвае ўжо найбліжэйшым часам адкрыць астатнія блокі перамоў, каб паказаць сваім грамадзянам, што перспектыва еўрапейскага членства застаецца рэальнай нават падчас вайны. Такую пазіцыю падтрымліваюць Еўрапейская камісія і шэраг дзяржаў ЕС.
Разам з тым краіны Еўрасаюза падкрэсліваюць, што працэс далучэння будзе адбывацца паводле агульных правіл. Ніякіх спрошчаных схем або паскоранага членства толькі праз цяжкія абставіны для Украіны не плануецца. Кожны наступны этап будзе залежаць ад таго, наколькі паспяхова краіны-кандыдаты выканаюць неабходныя патрабаванні і правядуць рэформы.
Таксама ў ЕС пачынаюць абмяркоўваць, ці будуць Украіна і Малдова і надалей рухацца ў перамовах разам, як адзіная група краін-кандыдатаў, або ў будучыні іх шляхі могуць разысціся ў залежнасці ад тэмпаў выканання патрабаванняў Еўрапейскага саюза.
Чытайце таксама:
Лукашэнка заклікаў Малдову «не рэзаць пупавіну» і не губляць ранейшых партнёраў
Мерц прапанаваў узяць Украіну ў ЕС у якасці асацыяванага члена