БЕЛ Ł РУС

Маладую беларуску пратрымалі ў расійскім СІЗА амаль 4 гады і апраўдалі. А кампенсацыю далі такую, нібыта ў твар плюнулі

13.06.2026 / 09:00

Nashaniva.com

24‑гадовай Ульяне Маркавай у судзе патлумачылі, што калі яе жаніха асудзілі за наркотыкі (хоць насамрэч і яго апраўдалі), то значыць, яна пагаджалася з такім ладам жыцця, як у яго. А таму па 2 еўра за кожны дзень страчанай маладосці — самае тое.

Ульяна Маркава. Фота: Belpol

Беларуска Ульяна Маркава правяла сваю маладосць зусім не так, як хацела б. У студзені 2019 года 18‑гадовую дзяўчыну з Пінска арыштавалі ў горадзе Губкінскі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе Расіі па падазрэнні ў нарказлачынствах.

У мясцовай гасцініцы наркакантроль знайшоў у Ульяны і яе 21‑гадовага жаніха Уладзіслава Палыня пакецік з забароненымі рэчывамі — 2,99 грама, але гэта лічыцца буйным памерам.

Як вынікае з публікацый расійскіх СМІ, маладзёны прызналіся, што набылі наркотыкі для сябе ў Екацярынбургу.

Пачыналася ўсё з крымінальнай справы двух маладых спажыўцоў наркотыкаў, а закруцілася так, што ў судзе сядзелі дзесяць абвінавачаных. На сайце суда няма апублікаванага рашэння, каб зразумець, што іх усіх аб'ядноўвала — ці гэта выпадкова сабраныя наркаманы, ці сярод іх былі закладчыкі. А калі ўсё ж закладчыкі, то знаёмыя між сабой ці проста запхнутыя ў адну групу дзеля статыстыкі.

Зрэшты, нас цікавіць толькі лёс беларускі Ульяны Маркавай. Яе судзілі па чатырох артыкулах:

Магчымае пакаранне — ад 10 гадоў і хоць нават да 30 гадоў зняволення.

Нагадаем, беларуску арыштавалі ў студзені 2019 года. Суд пачаўся толькі ў верасні 2021 года, а скончыўся — у снежні 2022. Амаль чатыры гады за кратамі — 1435 дзён! Аднак вынік быў нечаканым. Маркаву прызналі невінаватай — «вызваліць у зале суда». Гэткі ж вердыкт пачулі яшчэ шасцёра абвінавачаных. І толькі трое, уключна з яе жаніхом Уладзіславам Палынем, атрымалі тэрміны.

Адметна, што ў 2024 годзе ў тым жа судзе праходзіў працэс «аб кампенсацыі шкоды рэабілітаванаму Уладзіславу Палыню». То-бок атрымліваецца, што ўрэшце і яго апраўдалі — ці ў апеляцыйнай інстанцыі, ці яшчэ на нейкім этапе.

А Ульяна Маркава тым часам падала ў суд дзеля кампенсацыі за чатыры гады, праведзеныя ў расійскім СІЗА.

Беларуска разлічыла так: мільён расійскіх рублёў за незаконны крымінальны пераслед і па 10 тысяч расійскіх рублёў за кожны дзень у СІЗА — разам 15,35 мільёна расійскіх рублёў (каля 185 тысяч еўра). У іску гаварылася, што за гады зняволення ў яе развіліся дэпрэсія, бессань, пастаянныя галаўныя болі і мігрэні, а ў 2024 годзе ёй спатрэбілася дапамога псіхатэрапеўта. Бацькі і сябры перасталі з ёй мець зносіны, лічачы, што яна сапраўды ўчыніла тое, у чым яе абвінавачвалі.

Салехардскі гарадскі суд у лютым 2025 года прысудзіў ёй мільён рублёў (каля 12 тысяч еўра). Абодва бакі падалі апеляцыі: прадстаўнік Маркавай прасіў павялічыць суму, прадстаўнік расійскіх уладаў — знізіць, бо сума «не адпавядае патрабаванням разумнасці і справядлівасці».

Суд Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расіі 17 сакавіка 2026 года паставіў кропку.

Апеляцыйная калегія прызнала: доўгае зняволенне «істотна парушыла нармальны ход жыццядзейнасці» дзяўчыны, сарвала вучобу, пазбавіла магчымасці працаваць і бачыцца з роднымі і сябрамі, якія жывуць у Беларусі. Суд таксама прызнаў, што Маркава была маладая, раней не судзімая, а падчас знаходжання ў СІЗА звярталася да медыкаў з вострым галаўным болем.

Але далей суддзі знайшлі цэлы шэраг прычын, чаму кампенсацыю трэба ўрэзаць.

Па-першае, на следстве Маркава прызнавала віну і нават напісала прыход з павіннай — а адмовілася ад паказанняў толькі ў судзе. Гэты «самаабгавор», маўляў, і справакаваў крымінальны пераслед і яго працягласць.

Па-другое, пры затрыманні Маркава адмовілася ад медыцынскага агляду. Суд палічыў, што гэта пацвярджае ўжыванне наркатычных сродкаў на момант затрымання і негатыўна характарызуе дзяўчыну.

Па-трэцяе — і гэта самы адметны пасаж вызначэння — суд паставіў апраўданай у віну яе кола зносін. «Паколькі Палынь быў асуджаны за збыт наркотыкаў, вынікае, што Маркава пагаджалася з такім ладам жыцця, тым больш улічваючы той факт, што мела намер уступіць у шлюб з Палынём», — напісала калегія.

У выніку кампенсацыю зменшылі да 250 тысяч расійскіх рублёў (каля 3000 еўра) — каля 2 еўра за кожны дзень за кратамі.

Большага зніжэння суд не ўбачыў падстаў рабіць, патлумачыўшы гэта тым, што сума ўсё ж «не павінна быць сімвалічнай».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула