БЕЛ Ł РУС

У наступную суботу ў Вільні пройдзе Сямейны беларуска-літоўскі фэст з літсцэнай

13.06.2026 / 09:39

Nashaniva.com

20 чэрвеня ў Вільні ў прасторы Sodas2123 пройдзе сямейны беларуска-літоўскі інтэграцыйны фестываль «Пад чароўным дрэвам».

Адной з ключавых мясцін фэсту стане літаратурная пляцоўка з удзелам беларускіх і літоўскіх пісьменніц, пісьменнікаў ды мастачак, якія працуюць на ніве дзіцячай літаратуры, піша bellit.info.

Госці літаратурнай пляцоўкі:

Ганна Янкута — пісьменніца, паэтка, перакладчыца. Аўтарка аднаго з самых вядомых персанажаў сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры — Ката Шпрота. Перакладае, у тым ліку дзіцячую літаратуру, з польскай і ангельскай моваў.

Андрэй Скурко — паэт, перакладчык. Аўтар некалькі зборнікаў вершаў для дзяцей. Перакладае дзіцячую паэзію і прозу з польскай і ангельскай.

Юрга Віле — пісьменніца, перакладчыца. Разам з ілюстратаркай Лінай Ітагакі стварыла адну з найвядомейшых літоўскіх кніг для падлеткаў — «Сібірскія хайку» («Sibiro haiku»), якая актыўна перакладаецца на іншыя мовы.

Віргіс Шыдлаўскас — пісьменнік, галоўны рэдактар дзіцячага часопіса «Laimiukas», музыкант. Аўтар некалькіх кніг для дзяцей і падлеткаў.

Лізавета Лянкевіч — мастачка, ілюстратарка. Двойчы пераможца Прэміі Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў у мастацкай намінацыі. Працуе як з кнігамі для маленькіх, так і з падлеткавай літаратурай. Стварае ілюстрацыі для беларускіх класічных твораў.

Аўшра Кюдулайце — мастачка, ілюстратарка. Адна з найвядомейшых яе прац — кніга «Шчасце — гэта ліса» («Laimė yra Lapė») разам з пісьменніцай Эвелінай Дацюце. Кнігі з ілюстрацыямі Аўшры перакладзены на 30 моваў.

Акрамя дыскусій і размоў можна будзе паслухаць жывую музыку, а затым паўдзельнічаць у майстар-класах ад Аўшры Кюдулайце і Лізы Лянкевіч і намаляваць сваіх візуальных персанажаў. Старэйшыя дзеці змогуць стварыць сваю невялічкую гісторыю разам з выкладчыцай і паэткай Дар’яй Роскач.

Падчас фестывалю будзе працаваць стэнд ад кнігарні «Гартайка», дзе можна будзе купіць і падпісаць кнігі ў аўтарак і аўтараў. Арганізатарам фестывалю выступае Асацыяцыя беларускіх бацькоў у Літве.

З поўнай праграмай фестывалю азнаёміцца можна ў інстаграме.

Культурная прастора Sodas2123

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула