БЕЛ Ł РУС

На Сардзініі забаранілі прыходзіць на пляж з парасонамі. Чаму так?

13.06.2026 / 18:08

Nashaniva.com

На італьянскім востраве Сардзінія мясцовыя ўлады ўвялі новыя строгія правілы наведвання аднаго з самых папулярных пляжаў — Пунта-Маленціс. Адпачывальнікам ва ўзросце ад 10 да 65 гадоў забаранілі прыносіць на пляж і ўсталёўваць парасоны, альтанкі, намёты і іншыя канструкцыі для стварэння ценю, паведамляе The Guardian.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Выключэнне зрабілі толькі для сем'яў з дзецьмі да 10 гадоў і людзей старэйшых за 65 гадоў — ім дазволена карыстацца адным вялікім парасонам. Новыя абмежаванні будуць дзейнічаць да канца кастрычніка.

Улады тлумачаць такое рашэнне клопатам пра бяспеку людзей і захаванне прыроды. У мінулым годзе ў гэтым раёне адбыліся маштабныя лясныя пажары, якія знішчылі частку пляжу, дзюны і аўтастаянку. Некаторым адпачывальнікам тады нават давялося ратавацца ад агню на лодках. Вялікая ж колькасць парасонаў на перапоўненым пляжы перашкаджала хуткай эвакуацыі.

Акрамя забароны на парасоны, на Пунта-Маленціс увялі і іншыя абмежаванні. За ўваход на пляж цяпер трэба плаціць 10 еўра, і толькі людзі з інваліднасцю ды асобы, што іх суправаджаюць, могуць наведваць яго бясплатна. Колькасць аўтамабіляў абмежавалі да 70 у дзень, а для адпачынку неабходна загадзя забраніраваць месца. Адначасова на пляжы могуць знаходзіцца не больш за 150 чалавек.

Новыя правілы выклікалі незадаволенасць у многіх турыстаў. У сацыяльных сетках і каментарыях людзі жартавалі, што пасля дня без ценю можна трапіць у бальніцу з сонечнымі апёкамі, а некаторыя саркастычна адзначылі, што аўтары забароны нібыта самі «перагрэлі сабе галовы».

На Сардзініі ўжо існуюць і іншыя незвычайныя правілы для турыстаў. Напрыклад, забаронена забіраць з пляжаў пясок, а ў некаторых прыбярэжных мясцінах дзейнічаюць дадатковыя меры для абароны прыроды і абмежавання колькасці наведвальнікаў.

Чытайце таксама:

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў

Тысячы пчол прыляцелі на пляж у Італіі, а затым вырашылі сесці на пляжны парасон

«Хацеў сустрэць кракадзілаў і бегемотаў». Беларус зладзіў адзіночны сплаў па рацэ Лімпапо

Каментары да артыкула