БЕЛ Ł РУС

«Караблі ўсяго свету, запускайце свае рухавікі. Няхай нафта цячэ!». Трамп заявіў, што ЗША і Іран заключылі ўгоду

15.06.2026 / 06:30

Nashaniva.com

«Гэтым я цалкам дазваляю адкрыццё Армузскага праліва і, адначасова з гэтым, дазваляю неадкладнае зняцце ваенна-марской блакады Злучаных Штатаў».

Фота: Win McNamee/Getty Images

Трамп заявіў, што ЗША і Іран заключылі пагадненне:

«Пагадненне з Ісламскай Рэспублікай Іран заключана. Віншую ўсіх! Гэтым я цалкам дазваляю адкрыццё Армузскага праліва і, адначасова з гэтым, дазваляю неадкладнае зняцце ваенна-марской блакады Злучаных Штатаў. Караблі ўсяго свету, запускайце свае рухавікі. Няхай нафта цячэ!»

«Гэта важнае пагадненне прынясе мір і бяспеку ва ўвесь рэгіён. Многія прэзідэнты спрабавалі заключыць мір з Іранам, і ўсе яны пацярпелі няўдачу да мяне. Лідары рэгіёна ўпершыню знайшлі прэзідэнта, які можа дапамагчы ім дасягнуць сапраўднага міру. З адкрыццём праліва пасля падпісання пагаднення ў пятніцу і правядзення работ па размініраванні, нафта зноў будзе паступаць у абодва бакі для рэгіёна і ўсяго свету!»

У Іране таксама раскрылі 14 пунктаў мірнай дамовы з ЗША:

— пастаяннае і неадкладнае спыненне баявых дзеянняў на ўсіх франтах, уключаючы Ліван,

— ЗША абавязваюцца не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Ірана і паважаць яго суверэнітэт,

— поўнае зняцце марской блакады на працягу 30 дзён,

— ЗША абавязваюцца вывесці свае войскі з раёнаў вакол Ірана,

— аднаўленне працы Армузскага праліва на працягу 30 дзён са згоды Ірана,

— прыпыненне санкцый на продаж нафты,

— прадастаўленне Злучанымі Штатамі і іх саюзнікамі планаў аднаўлення Ірана на суму не менш за 300 млрд даляраў,

— правядзенне перамоў на працягу 60 дзён для дасягнення канчатковага пагаднення па ядзерных пытаннях,

— Іран пацвярджае прыхільнасць Дамове аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі і абавязваецца не вырабляць ядзерную зброю,

— ЗША абавязваюцца не павялічваць колькасць сваіх войскаў у рэгіёне і не ўводзіць новых санкцый,

— разблакаванне 24 млрд даляраў замарожаных іранскіх сродкаў на працягу 60‑дзённага перыяду заключных перамоў. Палова гэтай сумы павінна быць перададзена Ірану да пачатку перамоў,

— стварэнне механізму маніторынгу для рэалізацыі пагаднення,

— канчатковае пагадненне будзе зацверджана рэзалюцыяй Рады бяспекі ААН,

— заключныя перамовы не пачнуцца, пакуль не будзе разблакавана палова замарожаных сродкаў Ірана, прыпынены санкцыі адносна іранскай нафты і знята марская блакада.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула