У Мазыры матацыкліст на хуткасці збіў 25‑гадовую маці, якая ішла з каляскай па пешаходным пераходзе
Напярэдадні ўвечары на вуліцы Рыжкова ў Мазыры адбылася аварыя. Байкер знёс з ног маладую дзяўчыну, якая ў гэты момант пераходзіла дарогу з дзіцячай каляскай.
Паводле інфармацыі Гомельскай дзяржаўтаінспекцыі, дзве жанчыны з малымі ў калясках пераходзілі праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Яны ўжо практычна завяршалі рух і знаходзіліся на крайняй паласе, калі ў іх раптам уляцеў 36‑гадовы матацыкліст.
На відэакадрах з месца здарэння відаць, што кіроўца заўважыў пешаходаў у апошні момант. Ён паспрабаваў прымяніць экстраннае тармажэнне, ад чаго цяжкі байк заваліўся на бок і па інерцыі на вялікай хуткасці працягнуўся па асфальце, урэзаўшыся ў адну з маці.
У выніку наезду 25‑гадовая дзяўчына атрымала цяжкія траўмы і была тэрмінова шпіталізавана. Афіцыйнай інфармацыі пра стан здароўя малога, які падчас удару знаходзіўся ў калясцы, а таксама пра тое, ці пацярпеў сам матацыкліст, няма.