БЕЛ Ł РУС

У «Газпрам цэнтры» патлумачылі, адкуль у недабудаваным хмарачосе ўзяўся гатовы офіс з вазонамі

15.06.2026 / 12:52

Nashaniva.com

У канцы мінулага тыдня мінчане заўважылі анамалію на будаўнічай пляцоўцы шматпакутнага «Газпрам цэнтра». На адным з паверхаў шматпавярховіка раптам закіпела жыццё. Нават з’явілася святло ў вокнах. І гэта ў будынку без камунікацый.

За панарамным шклом з’явіўся гатовы інтэр'ер — з падвеснымі столямі, пафарбаванымі сценамі, дывановым пакрыццём, сталамі, крэсламі і нават жывымі раслінамі ў кадках. Пры гэтым паверхі вышэй і ніжэй застаюцца абсалютна пустымі бетоннымі скрынкамі.

Як пісалі ў Threads, за вокнамі бачылі таксама людзей у дзелавых гарнітурах.

Гараджане тут жа пачалі будаваць тэорыі: ад здымак кіно да паўтарэння грузінскага досведу, калі ніжнія паверхі будынка пачынаюць працаваць яшчэ да завяршэння будаўніцтва ўсяго аб'екта.

Пры гэтым блогер Дзяніс Блішч, які апублікаваў здымкі, дадаў, што ніякіх камунікацый у вежы пакуль няма.

Прэс-служба кампаніі «Газпрам трансгаз Беларусь» патлумачыла Onlíner, што насамрэч адбываецца за шклом.

«Падрадчык будаўніцтва прадставіў заказчыку варыянты аздаблення тыповага офіса. Гэта пацвярджае намер бакоў здаць у эксплуатацыю комплекс у тэрмін — у канцы 2027 года», — адказалі там.

Такім чынам, мінакі пабачылі дэманстрацыйны офіс, які ўзвялі на будоўлі, каб зацвердзіць фінальны дызайн унутраных памяшканняў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула