Адпачынак для бясстрашных і беспрынцыповых: што цяпер з турамі з Беларусі ў Крым?
Турфірмы і перавозчыкі працягваюць вазіць беларусаў у Крым — нягледзячы на акупаваны статус паўвострава, вайну і праблемы з палівам.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Наколькі Крым папулярны кірунак?
Да анексіі Крыма Расіяй у 2014 годзе грамадзяне Беларусі займалі трэцяе месца сярод турыстаў на паўвостраве.
У 2013‑м Крым наведалі каля 6 мільёнаў турыстаў, з якіх каля 250 тысяч былі грамадзянамі Беларусі. Такія даныя прыводзіла Украіна.
Натуральна, што пасля 2014 года паток турыстаў з Беларусі моцна зменшыўся, хоць цалкам і не спыніўся.
Паводле заяваў падкантрольнай Расіі рады рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Крыма», летась амаль 150 тысяч грамадзян Беларусі наведалі акупаваны Крым.
Не толькі з Мінска
Большасць тураў, натуральна, прадаецца з выездам з Мінска. Аўтобус едзе праз Гомель, Растоў-на-Доне і далей праз Крымскі мост у Крым.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
У некаторых турфірмаў першы выезд запланаваны толькі 18 чэрвеня. У іншых праграма пачалася 13 чэрвеня, таму сезон, так бы мовіць, толькі ў самым пачатку.
Апроч Мінска, туры ў Крым прадаюць, напрыклад, з Віцебска. Першы выезд — 16 чэрвеня, другі — 26 чэрвеня. Адпачынак прапануюць толькі на ўсходнім беразе — у Феадосіі або Судаку.
Адсутнасць варыянтаў адпачынку на паўднёвым узбярэжы (раён Ялты) у турфірме патлумачылі тым, што туды немагчыма дабрацца.
Паездка аўтобусам з Віцебска займае каля двух сутак. Праезд у Крым адбываецца па мосце.
Праз дэфіцыт паліва, кажуць, турбавацца не варта, бо аўтобус запраўляецца напоўніцу ў Расіі.
Попыт прасеў?
Пры гэтым прынамсі ў адной з турфірм прызналіся, што сёлета колькасць выездаў скарацілася.
Тым не менш, трэба ўлічваць, што, апроч турыстычных паездак з Мінска і некаторых іншых буйных гарадоў Беларусі, ёсць маршрутныя рэйсы Мінск-Ялта ад «Інтэркарса» (перавозчык «БаерТранс»)
Фота: скрыншот старонкі з інстаграм
З Беларусі ў «Белоруссию»
І ў адрозненне ад турфірм, многія з якіх абмяжоўваюцца толькі ўсходнім узбярэжжам, рэгулярны аўтобус едзе не толькі ў Феадосію, але і ў Ялту, Алушту і Місхор, дзе знаходзіцца санаторый «Белоруссия».
Пачаткова перавозчык заяўляў пра намер выконваць рэйсы на акупаваны паўвостраў праз дзень, але пазней з'явіўся яшчэ адзін дадатковы аўтобус з Мінска.
Такім чынам, «Інтэркарс» плануе выконваць па пяць рэйсаў на тыдзень.
На бліжэйшыя дні білеты каштуюць па 418 рублёў (122 еўра).
З Мінска да Ялты абяцаюць даставіць за 40 гадзін. Праезд адбываецца праз Гомель, Бранск, Растоў.
Што да агульных рызык і рызыкі адмены рэйсаў, то ў «Інтэркарсе» адказалі, што яны не могуць прадказаць і ацаніць рызыкі па тым ці іншым кірунку.
«Усё, што мы ведаем, — перавозчык не пераносіць і не адмяняе рэйсы, усё выконваецца па раскладзе», — адказалі ў «Інтэркарсе» наконт засцярог пры куплі білетаў у Ялту.
Што кажуць людзі?
Тэма адпачынку ў акупаваным Крыме даволі актыўна абмяркоўваецца на анлайнераўскім форуме.
Там нават ёсць дзве асобныя тэмы: агульная пра адпачынак у Крыме і пра паездкі туды на ўласным аўто.
Чакана — самыя папулярныя пытанні тычацца праблем з палівам і бяспекай.
Што да праблем з палівам, то многія схіляюцца да таго, што дастаткова заправіць поўны бак у Краснадарскім краі і на тым жа паліве вярнуцца назад.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Агулам кажучы: калі ў аўто бак літраў 70 і ў адпачынку не раз'язджаць па Крыме, то пра запраўкі там можна забыцца наогул», — напісаў адзін з фарумчан.
Іншы напісаў, што, маўляў, перад кожным сезонам пішуць пра праблемы з мазутам, палівам, бяспекай, а насамрэч галоўнай праблемай з'яўляецца чарга на праверку пры ўездзе.
Данецкая вобласць замест моста
Але ёсць і тыя, хто ўжо не раз ездзіў у Крым падчас вайны і зноў плануе ехаць туды, прычым па акупаванай частцы мацерыковай Украіны.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Таксама думаю ехаць, але не праз мост, а па новых тэрыторыях, два гады запар езджу — палёт нармальны», — напісаў адзін з фарумчан.
Ёсць і тыя, хто аматараў адпачынку на паўвостраве называе авантурыстамі-суіцыднікамі, якім перад паездкай варта пакідаць завяшчанне.
Некаторыя адпісваюць, што пасля «незабыўнага адпачынку» летась у Крым іх больш не цягне.
«Верагоднасць сустрэцца з дронамі ў Крыме вышэйшая, чым вы сабе ўяўляеце. Некалькі гадоў таму такая верагоднасць выпала мне і маёй сям'і. Мы чулі і бачылі, як спрацавала СПА, і адбылося гэта практычна над нашымі галовамі.
Больш адчуваць такое не хочам. Таму свае паездкі ў Крым адклалі да лепшых часоў», — напісала адна з карыстальніц форуму.
Іншы каментатар, які таксама ўжо наеўся адпачынку ў Крыме, дадаў, што калі ўдзень усё нібыта нармальна, то ў начны час там зусім не спакойна праз дроны.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP / Alexander Zemlianichenko
Пры гэтым сярод удзельнікаў форуму адгукнулася жанчына, якая ўжо 18 чэрвеня выязджае аўтобусам праз турфірму.
А адзін з каментатараў наогул плануе паездку на пачатак ліпеня ў бадай самую небяспечную частку ўзбярэжжа — у Еўпаторыю. Ды яшчэ і шукае спадарожнікаў.
Агулам жа многія схіляюцца да таго, што сёлета адпачываць там больш небяспечна, чым калі-небудзь раней, таму ад паездкі ў Крым у гэтым годзе, хутчэй за ўсё, адмовяцца.