Трамп заявіў, што пасля Ірана засяродзіцца на вайне ва Украіне
Пасля заканчэння аперацыі ў Іране і заключэння міру паміж Вашынгтонам і Тэгеранам Белы дом накіруе намаганні на прыпыненне вайны Расіі і Украіны, заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
Дональд Трамп. Фота: Win McNamee/Getty Images
«Цяпер, калі з [канфліктам у Іране] скончана, мы збіраемся засяродзіцца на гэтым. Паглядзім, ці зможам мы гэта вырашыць», — сказаў амерыканскі прэзідэнт падчас прэс-канферэнцыі на саміце «Вялікай сямёркі» (G7), які адкрыўся ў панядзелак у французскім Эвіян-ле-Бене.
Паводле слоў Трампа, напярэдадні ў яго адбыліся «вельмі добрыя» тэлефонныя размовы з прэзідэнтамі Украіны і Расіі Уладзімірам Зеленскім і Уладзімірам Пуціным.
«І мне здаецца, магчыма, мы зможам нешта зрабіць і ў гэтым пытанні. Я сапраўды так думаю. Я мяркую, што абодва [лідары] адкрытыя для гэтага», — заявіў кіраўнік Белага дома.
Ён таксама сказаў, што падчас расійскага ўварвання штомесяц гінуць «дваццаць пяць тысяч чалавек — у асноўным салдаты». «І гэтага не павінна адбывацца. Але ўчора ў мяне былі дзве вельмі добрыя размовы. Мы яшчэ будзем гэта абмяркоўваць», — дадаў Трамп.
14 чэрвеня Пуцін патэлефанаваў Трампу і павіншаваў яго з 80-годдзем, пасля чаго расказаў пра поспехі расійскага войска ва Украіне.
Чытайце таксама:
Замест банкету — турнір змешаных адзінаборстваў. Як Трамп адзначыў 80‑годдзе