На былога кіраўніка Гомеля Прывалава завялі крымінальную справу
Адразу пасля адстаўкі Прывалаву прадракалі павышэнне — хадзілі размовы пра тое, што яго забярэ ў Мінск яго прыяцель. Але ўсе аказалася інакш, даведаўся «Флагшток».
Афіцыйна пра затрыманне і крымінальную справу нічога не паведамляецца, але, па інфармацыі крыніцы выдання, экс-старшыню гарвыканкама абвінавачваюць у махінацыях з перапродажам кватэр.
Папярэдне, у справе ёсць і іншыя фігуранты-чыноўнікі.
Прывалаў знаходзіўся ў гомельскім СІЗА, але нядаўна мог быць адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.
Такім чынам, Прывалаў можа паўтарыць лёс свайго папярэдніка. У 2014 годзе іншы былы старшыня гарвыканкама Віктар Піліпец быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі па справе аб карупцыі і махінацыях з нерухомасцю. Піліпец і шэраг службовых асоб былі прызнаны вінаватымі ў незаконным размеркаванні і прысваенні 24 новых кватэр, пабудаваных для тых, хто меў патрэбу. Экс-старшыню абвінавацілі ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, але сваю віну ён катэгарычна не прызнаў.
Адразу пасля адстаўкі Прывалаву прадракалі павышэнне — сярод мясцовых чыноўнікаў хадзілі размовы пра тое, што яго забярэ ў адно з міністэрстваў у Мінск яго прыяцель. Але ўсё выйшла наадварот — замест высокай пасады экс-чыноўнік атрымаў абвінавачанне ў крымінальным злачынстве.
Развітваючыся з Прывалавым, які кіраваў Гомелем каля трох з паловай гадоў, старшыня аблвыканкама Іван Крупко «ад сябе асабіста і ад усіх гамяльчан» дзякаваў яму «за пераўтваральную дзейнасць, якую ён развіваў у горадзе». Таксама Крупко адзначаў, што Прывалаў — «адзін з нешматлікіх кіраўнікоў, хто асабіста вёў чат-бот, дзякуючы чаму ўдавалася аператыўна вырашаць многія звароты грамадзян».