«А дзе лёгка? Дзе лёгка, сябры?». Што ўбачыў расійскі блогер падчас трохдзённай паездкі ў Беларусь
«Усе тыя, хто, увага, незадаволеныя, і тыя, у каго зараз можна было б спытаць, што не так, пералічыце ўсе мінусы, — яны ўжо, як адзначаюць мясцовыя, выехалі», — кажа Дзмітрый Машкоў, блогер з 840 тысячамі падпісчыкаў, які пабываў у Мінску і шмат з кім пагаварыў.
Скрын відэа: Mashkov_D / YouTube
Ютуб-канал расійскага 36‑гадовага блогера Дзмітрыя Машкова мае 840 тысяч падпісчыкаў. У ім мужчына расказвае пра аўтамабілі, рэкламуе нерухомасць, знаёміць з гісторыямі людзей, якія маюць уласны бізнэс. Не абыходзіць аўтар увагай і жыццё за мяжою. Некалькі дзён таму на яго канале з’явілася першая частка відэааповеду пра 72‑гадзінную паездку ў Мінск.
Першае, на што звяртае ўвагу гледачоў з Расіі блогер, — карэктная назва краіны.
«Запомніце напісанне і вымаўленне. Вы прыязджаеце ў Рэспубліку Беларусь, не ў Белоруссію. Гэта вельмі важна. Мясцовыя ацэняць, калі вы будзеце вымаўляць правільна».
Аўтар падкрэслівае, што прыехаў у нашу краіну не як турыст, а каб паглядзець, як сёння жывуць людзі. За час знаходжання ў краіне, па словах блогера, ён распытваў іх пра працу, заробкі, перспектывы, бяспеку, медыцыну, цэны на прадукты, а таксама пра тое, што ім падабаецца і што не задавальняе ў сучаснай Беларусі.
Блогер пасяліўся ў гатэлі «Вікторыя», што насупраць Палаца Незалежнасці. Адразу пасля засялення мужчына пайшоў глядзець не цэнтральныя праспекты, а звычайныя жылыя кварталы.
Двары і машыны ў Мінску
У дварах ён убачыў шмат знаёмых савецкіх элементаў — гаражы, старыя дзіцячыя пляцоўкі, канструкцыі для выбівання дываноў. Але пры гэтым яго здзівіла іх дагледжанасць і чысціня. Пазней пра гэта не адзін раз згадае.
Яшчэ адным адкрыццём стала адсутнасць затораў. Як даводзіць аўтар, мясцовыя жыхары расказвалі яму, што нават у гадзіны пік паездка, якая займае 20 хвілін у звычайны час, рэдка расцягваецца больш чым да паўгадзіны.
Машкоў асабліва падкрэсліў атмасферу спакою і адсутнасці мітусні, якая моцна кантрастуе з Масквой і іншымі буйнымі расійскімі гарадамі. Пры гэтым у яго не стваралася ўражання знаходжання за мяжою.
Яшчэ адна дэталь, якая звярнула на сябе ўвагу аўтара падчас прагулак па спальных раёнах, — адносна невялікая колькасць алкагольных крам. Камерцыйныя памяшканні на першых паверхах жылых дамоў ёсць, але шматлікіх так званых «разліваек» і спецыялізаваных алкагольных крамаў ён амаль не заўважыў.
Скрын відэа: Mashkov_D / YouTube
Каб паказаць, на чым ездзяць звычайныя мінчукі, блогер спецыяльна здымаў аўтамабілі ў спальных раёнах.
На яго думку, сёння ў Мінску дамінуюць кітайскія маркі, а таксама вельмі хутка расце колькасць электрамабіляў. Мясцовыя жыхары тлумачылі гэта невялікімі адлегласцямі і адсутнасцю працяглых затораў.
Пры гэтым на вуліцах усё яшчэ шмат старых еўрапейскіх і японскіх машын. Аўтар падкрэслівае, што элітныя кварталы з дарагімі Bentley, Ferrari і Rolls-Royce у Мінску таксама ёсць, але яны не характарызуюць жыцця большасці насельніцтва.
Заробкі ў Беларусі і мігранты
Падчас размоў з жыхарамі Мінска блогер спрабаваў высветліць рэальны ўзровень заробкаў.
На дошках аб’яў ён бачыў прапановы працы для грузчыкаў з заробкам каля 1900 беларускіх рублёў за месяц пры графіку два праз два па 12 гадзін на дзень. Былі і прапановы начных падпрацовак прыкладна за 1500 рублёў.
Аднак, калі блогер спрабаваў распытаць мясцовых пра заробкі, то «на камеру ніхто размаўляць не хоча»:
«Падыходзім да людзей, спрабуем завесці дыялог. Чалавек кажа: «Я б не хацеў даваць каментар, трапляць на YouTube. Але я Вас ведаю».
Як сцвярджае аўтар, не пад запіс, у прыватных размовах суразмоўцы (прыкладна 25 чалавек) часцей ацэньвалі свае даходы ў далярах. Большасць называла дыяпазон ад 800 да 1000 даляраў за месяц. Але дыяпазон у цэлым вагаўся ад 600 да 1500 даляраў.
Скрын відэа: Mashkov_D / YouTube
«Асаблівасць, пра якую расказваюць беларусы па-за камерай, — грошы ёсць. Вось, нягледзячы на невялікія заробкі, якая парада? Ідзіце, працуйце, шчыруйце — і грошай будзе больш. Я падыходзіў да людзей, якія працуюць у сферы рамонту (рабілі рамонт у камерцыі). Я пытаюся: «Вось колькі вы [зарабляеце]? Гарбаціцеся ці не гарбаціцеся?» Кажуць: «Мы гарбацімся па 12 гадзін на дзень, працуем 5—6 дзён на тыдзень». Я кажу: «Якой максімальнай столі вы тут можаце дасягнуць?» Адзначылі (у пераліку адразу на даляры) — 1400 даляраў.
Беларусы па сваёй прыродзе прызвычаіліся заўсёды ўсё лічыць у далярах. Вядома, цэны ў крамах у мясцовай валюце, у беларускіх рублях, але як толькі зарабілі грошы, любы лішак яны адразу ідуць і мяняюць у банку на даляры. І пры гэтым многія адзначаюць: калі пагутарыць, разгаварыць людзей, то ва ўсіх ёсць так званая «заначка», — даводзіць Машкоў.
Пры гэтым, як адзначае блогер, адносна невысокія заробкі ў параўнанні з коштам жыцця і асабліва з цэнамі на жыллё, якія ў апошнія два гады істотна выраслі, людзі называлі галоўным мінусам сучаснай Беларусі.
Не засталося па-за ўвагай Машкова і пытанне прысутнасці працоўных мігрантаў. Блогер згадвае, што дзесяць гадоў таму, калі ён быў у Мінску, яму казалі, што выхадцаў з краін Цэнтральнай Азіі тут вельмі мала. Сёння мясцовыя жыхары адзначаюць, што колькасць працоўных мігрантаў павялічваецца, але маштабы ўсё яшчэ несупастаўныя з Масквой.
«Многія захапляюцца тым, што, прыязджаючы ў Рэспубліку Беларусь, вы львіную долю працоўных убачыце славян. Непасрэдна мясцовыя беларусы. Я пытаю: «Ну, а вось наёмная міграцыйная сіла, ну, там таджыкі, узбекі, вось прыязджаюць да вас?» Кажуць: «Цяпер з'яўляюцца, але ўвогуле і ў цэлым іх вельмі мала», — расказвае Машкоў і дэманструе кадры міні-рынку, дзе, па яго словах, «усе прадавачкі — беларускі». Увогуле, па яго назіраннях, «у горадзе 98% — мясцовыя, беларусы».
Што беларусы думаюць пра расіян
Адной з самых цікавых тэм сталі адносіны мясцовых жыхароў да расійскіх турыстаў.
«Калі ў размовах тэт-а-тэт пытаешся ў мясцовых: «Як вам увогуле ваша мясцовае стаўленне да людзей з Расіі?» — вось тут яны пачынаюць: «Ну, не вельмі». Я кажу: «А чаму?» Таму што многія людзі (не ўсе, падкрэсліваю, ну, з кім яны сутыкаюцца як мінімум) паводзяць сябе даволі-такі, з іх слоў, нахабна, агрэсіўна.
Пачынаюць адчуваць, што нібыта гэта ўсё іхнае, яны ў сябе дома, у канфліктных сітуацыях пачынаюць крычаць, абурацца: «Выклікайце міліцыю, давайце разбірацца». І ў цэлым кажуць так, што самі сабою беларусы людзі цішэйшыя, спакайнейшыя. А вось расіяне, якія прыязджаюць, яны паводзяцца гучней. Гэта вось проста запісваў з іх слоў», — дзеліцца назіраннямі Машкоў.
Асабліва, як заўважае блогер, пра гэта казалі супрацоўнікі кавярняў і рэстаранаў. Паводле іх слоў, асобныя расійскія турысты могуць быць патрабавальнымі, дэманстраваць сваю перавагу і пры гэтым пакідаць вельмі сціплы гасцінец афіцыянту.
А што пра палітыку?
Адной з самых далікатных тэм падчас паездкі для Дзмітрыя Машкова стала стаўленне беларусаў да ўлады і палітычнай сітуацыі ў краіне.
«У размовах з людзьмі я задаваў ім пытанне наступным чынам. Кажу: «Вось пішуць у інтэрнэце, што вас там могуць у канфлікт уцягнуць, увогуле ўся гэтая сітуацыя — як вы да гэтага ставіцеся?» Кажуць так, што мы, беларусы, народ спрадвеку добры, мірны. Яны ў гэта, у цэлым, не хочуць верыць. Вось усімі праўдамі і няпраўдамі яны ад гэтага адбіваюцца і лічаць, што гэта больш нагнятанне.
Другі момант, я пытаюся: «Ну вось цяперашняя ўлада?» Адказ прыкладна наступны. У 2020 годзе, калі ў іх там была там нешта кшталту рэвалюцыі, мясцовыя беларусы, якія жывуць цяпер там, яны ўрок засвоілі. Усе тыя, хто, увага, незадаволены, і тыя, у каго зараз можна было б спытаць, што не так, пералічыце ўсе мінусы, — яны ўжо, як адзначаюць мясцовыя, выехалі», —
расказвае блогер, седзячы ў майцы лукашэнкаўскага мерчу з фразай «Факты — на стол».
Скрын відэа: Mashkov_D / YouTube
«Дапускаю, што ў каментарах людзі, зноў жа, пад псеўданімамі будуць пісаць, што ўсё дрэнна, усё жахліва, але ўжывую ніхто на камеру не гатовы што-небудзь хэйціць з уладных структур. Так, месцамі цяжка.
А дзе лёгка? Дзе лёгка, сябры?», — працягвае Машкоў і пераключаецца на выгоды, якія чакаюць расіяніна ў Беларусі.
Паводле яго назіранняў, пасля прыбыцця ў краіну і падключэння мясцовай SIM-карты карыстальнікі атрымліваюць доступ да ўсіх асноўных інтэрнэт-платформаў без дадатковых абмежаванняў. Ён адзначае, што ў Беларусі свабодна працуюць YouTube, Telegram, WhatsApp, Instagram і іншыя папулярныя сэрвісы. Працуюць і некаторыя вядомыя брэнды адзення.
Блогер расказвае, што цікавіўся ў беларусаў і тым, як іх закранулі санкцыі. Па яго словах, «адказ быў адзін — закрытыя межы з Еўропай».
Паводле іх слоў, раней многія беларусы маглі з’ездзіць на выходныя ў суседнія краіны Еўрасаюза, падарожнічаць па іх на аўтамабілі або карыстацца авіярэйсамі. Цяпер зрабіць гэта стала значна складаней.
Разважаючы пра свабоду выказванняў, Машкоў адзначае, што і ў Беларусі, і ў іншых краінах людзі часта асцярожна ставяцца да публічных палітычных заяў, асабліва калі разумеюць магчымыя наступствы сваіх слоў. Таму ён падкрэслівае, што не ставіў перад сабой задачы правакаваць суразмоўцаў на вострыя выказванні перад камерай.
«Вось сёння таксама ў нашай краіне не ўсё ж можна абмяркоўваць. Ёсць рэчы, пра якія, ну, нагаворыш лішняга, і да цябе прыйдуць, скажуць: «Слухай, спачатку 15 сутак, а можа, і турэмны тэрмін». Хто ж хоча? Ды ніхто не хоча. Таму тут давайце так: я вам агульную тэму давёў, а высновы рабіць толькі вам», — заўважае Машкоў і дзеліцца агульнымі ўражаннямі ад Мінска:
«З пункту гледжання агульнай сітуацыі з бяспекай — усе на поўным расслабоне. Ніякія беспілотнікі сюды і іншае, што ёсць на тэрыторыі Расіі, не прылятаюць. То-бок усе адчуваюць сябе спакойна. У цэлым ідзе спакойнае, размеранае жыццё. (…) Я раніцай прачнуўся ўчора, за кошт таго, што людзей менш, ты неяк вось выходзіш, яшчэ надвор’е дазваляе набраць поўныя лёгкія паветра і сказаць: «Фух, хоць пажыць крыху ў спакоі».
Відэа за два дні набрала амаль 180 тысяч праглядаў. Пад ім амаль 3200 каментарыяў.
«Выпуск пра тое, як добра масквічам (і іншым расіянам) з іх даходамі жыць у Мінску», — заўважаюць гледачы.
«Калі людзі баяцца даваць інтэрв'ю на камеру — гэта ўжо паказчык «свабоды» слова», «Людзі напужаныя. Баяцца не толькі адказваць на пытанні, а баяцца нават таго, што іх пытаюцца», — адзначаюць іншыя.
Чытайце таксама:
Папулярны трэвел-блогер з Польшчы наведаў Беларусь. Такіх цэн і колькасці камер ён не чакаў