БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская пра ўдар па аўтобусе з беларускімі дзецьмі: Не рызыкуйце жыццём — не едзьце ў Расію, якая вядзе злачынную і несправядлівую вайну

17.06.2026 / 14:45

Nashaniva.com

Лідарка беларускіх дэмсіл пракаментавала ў сваім тэлеграм-канале ўдар беспілотнікам па аўтобусе з беларускімі юнымі футбалістамі ў Бранскай вобласці.

Фота: губернатар Бранскай вобласці Ягор Кавальчук

«Маё сэрца з усімі пацярпелымі і іх роднымі, Дзеці і дарослыя, што былі побач з імі, — нявінныя ахвяры. Гэтую вайну распачала Расія. Яна — агрэсар, і менавіта яна нясе галоўную адказнасць за кожную смерць і кожнае раненне, звязаныя з гэтай вайной. Але вінаватыя і тыя прадстаўнікі дзяржавы, хто безадказна адправіў дзяцей праз прыгранічную зону ваенных дзеянняў», — паведаміла яна.

Па словах Ціханоўскай, гэта не «выпадковасць», а канкрэтнае рашэнне канкрэтных людзей пры ўладзе, якія абыякава аднесліся да таго, як дзеці патрапяць на адпачынак.

«І вінаватая беларуская дзяржаўная прапаганда, якая гадамі замоўчвае праўду пра вайну і саўдзел у ёй рэжыму Лукашэнкі, каб стварыць фэйкавую карцінку «мірнага неба» і бяспекі. Я заклікаю вас: беражыце сябе і сваіх блізкіх. Не рызыкуйце жыццём — не едзьце ў Расію, якая вядзе злачынную і несправядлівую вайну. Бяспека надыдзе толькі тады, калі Расія спыніць гэтую вайну», — сказала Святлана Ціханоўская.

Дрон прыляцеў сёння ў аўтобус каманды ДЮСШ №2 Рэчыцы, якую павезлі на адпачынак у Геленджык у Краснадарскім краі Расіі. 

Паводле паведамлення кіраўніка Бранскай вобласці Ягора Кавальчука, у аўтобусе ехала дзіцячая футбольная каманда.

У выніку выбуху загінула жонка трэнера Рэчыцкай ДЮСШ, якая суправаджала дзяцей.

Мясцовыя ўлады заяўляюць, што ўсіх пацярпелых аператыўна даставілі ў бальніцу, дзе медыкі аказваюць ім неабходную дапамогу. Пра стан параненых дзяцей пакуль не вядома. 

Чытайце таксама:

Жонка трэнера Рэчыцкай ДЮСШ-2 загінула пры атацы дронам аўтобуса з дзяцьмі ў Бранскай вобласці

Адно дзіця, што трапіла пад абстрэл у Бранскай вобласці, знаходзіцца ў цяжкім стане

Дзяцей-футбалістаў з Рэчыцы павезлі ў Геленджык па прыфрантавой вобласці Расіі. У аўтобус папаў беспілотнік

Каментары да артыкула