БЕЛ Ł РУС

ЗША і Іран падпісалі папярэдняе пагадненне аб міры

18.06.2026 / 07:02

Nashaniva.com

«Яно падпісанае. Падпісанае ў Версалі. Я толькі што падпісаў яго», — пацвердзіў Трамп пасля сустрэчы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам у Версальскім палацы.

Фота: Anna Moneymaker / Getty Images

Іран і ЗША падпісалі папярэдняе мірнае пагадненне, пацвердзілі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і Міністэрства замежных спраў Ірана. Мемарандум аб узаемаразуменні тэрмінам на 60 дзён прадугледжвае спыненне ваенных дзеянняў на ўсіх франтах, уключаючы Ліван, зняцце санкцый з Тэгерана і стварэнне фонду аднаўлення Ірана, піша Бі-бі-сі.

«Яно падпісанае. Падпісанае ў Версалі. Я толькі што падпісаў яго», — пацвердзіў Трамп пасля сустрэчы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам у Версальскім палацы. Пры гэтым Трамп чарговы раз прыгразіў аднавіць атакі, калі Іран не выканае сваіх абавязацельстваў.

Свой подпіс пад мемарандумам паставіў і прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян.

Вайна з Іранам, распачатая ЗША і Ізраілем 28 лютага, забрала жыцці тысяч людзей, пераважна ў Іране і Ліване. У адказ Тэгеран атакаваў Ізраіль і саюзнікаў ЗША ў Персідскім заліве.

Канфлікт справакаваў маштабны энергетычны крызіс праз фактычнае закрыццё Іранам Армузскага праліва.

У сераду прадстаўнікі адміністрацыі ЗША сабралі журналістаў падчас сустрэчы краін «Вялікай сямёркі» ў Эвіяне і зачыталі ім тэкст мемарандума з 14 пунктаў.

Пагадненне падаўжае рэжым спынення агню, абвешчаны ў красавіку, яшчэ на 60 дзён, каб дазволіць бакам дамовіцца аб канчатковым перамір’і.

І Трамп, і члены яго каманды падкрэсліваюць, што пакуль гэта толькі мемарандум, а яго палажэнні будуць выконвацца толькі ў тым выпадку, калі Іран «будзе добра сябе паводзіць». Трамп у чарговы раз не выключыў новых бамбардзіровак Ірана, калі канчатковае пагадненне не будзе дасягнута на працягу двухмесячнага перыяду.

Мемарандум утрымлівае наступныя асноўныя пункты:

— спыненне баявых дзеянняў ва ўсім рэгіёне. «Неадкладнае і канчатковае спыненне ваенных аперацый на ўсіх франтах, уключаючы Ліван»;

— спыненне амерыканскай марской блакады іранскіх партоў на працягу 30 дзён і затым адвод усіх амерыканскіх сіл ад іранскіх межаў на працягу 30 дзён пасля падпісання канчатковага мірнага дагавора;

— акрыццё Армузскага праліва. Ён будзе адкрыты для бяспошліннага праходу суднаў на працягу 60 дзён, пасля чаго Іран, як паведаміў прадстаўнік адміністрацыі ЗША, «у супрацоўніцтве не толькі з Аманам, але і з іншымі дзяржавамі Заліва распрацуе больш шырокае і доўгатэрміновае пагадненне адносна Армузскага праліва»;

— 300 мільярдаў даляраў на аднаўленне і развіццё Ірана. ЗША абяцаюць разам са сваімі партнёрамі ў рэгіёне стварыць фонд «аднаўлення і эканамічнага развіцця Ісламскай Рэспублікі Іран» сумай не менш за 300 мільярдаў даляраў;

— адмена ўсіх санкцый супраць Тэгерана. ЗША абяцаюць «скасаваць усе віды санкцый супраць Ісламскай Рэспублікі Іран»; графік іх адмены плануецца ўзгадніць пазней;

— адсутнасць ядзернай зброі ў Ірана. ЗША і Іран дамаўляюцца, што апошні ніколі не будзе ні ствараць, ні набываць ядзерную зброю, а таксама будуць супрацоўнічаць у справе ліквідацыі іранскага ўзбагачанага ўрану.

Прадстаўнікі ЗША, азнаёміўшы журналістаў з мемарандумам, яшчэ раз падкрэслілі, што ён ні да чаго не абавязвае Злучаныя Штаты і што выкананне яго пунктаў будзе залежаць ад таго, як павядзе сябе Іран.

Акрамя таго, адносна фонду на 300 мільярдаў даляраў яны заявілі, што ЗША не бяруць на сябе абавязацельства ўносіць у яго сродкі: яны толькі абяцаюць разам з партнёрамі ў рэгіёне распрацаваць план аднаўлення і развіцця Ірана агульным аб’ёмам не менш за 300 мільярдаў даляраў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула