БЕЛ Ł РУС

Памёр трэнер французскага «Брэста» Эрык Руа. Ён 3,5 года таемна змагаўся з ракам

18.06.2026 / 07:52

Nashaniva.com

Шакуе не толькі сам факт смерці, але і неверагодная стойкасць гэтага чалавека. Аказваецца, Руа тры з паловай гады змагаўся з ракам падстраўнікавай залозы. Да паведамлення пра яго смерць пра гэта не было ніякай публічнай інфармацыі.

Фота: Franco Arland — UEFA/UEFA via Getty Images

Вось што напісала сям’я Руа: «Увесь гэты час ён працягваў жыць з сілай духу, якая і цяпер нас уражвае, натхнёны любоўю да сям’і, да футбола, да сваёй працы, кіраваны запалам, які ніколі яго не пакідаў. Дасягненні апошніх гадоў назаўсёды застануцца для нас чымсьці выключным. Прайсці праз такое выпрабаванне і адначасова кіраваць клубам шмат гаворыць пра тое, якім чалавекам ён быў.

Добрым, пяшчотным, сумленным і прыстойным. Ён умеў падбадзёрваць, настаўляць, натхняць іншых на самаўдасканаленне. У ім спалучаліся патрабавальнасць, справядлівасць і чалавечнасць.

Ён бязмежна любіў футбол. Яго прыгода ў «Брэсце» стала адным з найпрыгажэйшых перыядаў усяго жыцця. Гэтая праца давала яму энергію, радасць, нагоду рухацца наперад нават у самыя цяжкія моманты. Са сваімі гульцамі ён стварыў рэдкую сувязь. Ён вельмі любіў іх і ганарыўся імі, вельмі ганарыўся тым, што быў іх трэнерам.

Заўзятары «Брэста», мы хочам сказаць дзякуй. Ваша падтрымка глыбока кранула яго. Ваша любоў значыла для яго значна больш, чым вы можаце сабе ўявіць», піша Sports.ru.

У заяве згадваюцца вялікія дасягненні Руа ў «Брэсце». І сапраўды, ён зрабіў неверагоднае: з Эрыкам «Брэст» упершыню ў сваёй гісторыі прабіўся ў еўракубкі. У Лігу чэмпіёнаў!

Што ў беларускім сегменце інтэрнэту нарадзіла, у сваю чаргу, жарты, што гэта беларускі «Брэст» выйшаў у асноўны этап ЛЧ.

«Брэст» заняў трэцяе месца ў чэмпіянаце Францыі сезона 2023/24, нягледзячы на адзін з самых сціплых бюджэтаў. Больш за тое, клуб паспяхова выступіў у Лізе чэмпіёнаў: заняў 18‑е месца на агульным этапе і выйшаў у плэй-оф, дзе ў стыкавым раўндзе саступіў «ПСЖ».

У 2024 годзе Руа атрымаў узнагароду лепшаму трэнеру Лігі 1.

«Брэсту» не ўдалося замацавацца побач з еўракубкавымі пазіцыямі, але гэта эканамічна нерэальна: занадта сціплая каманда без сур’ёзных інвестыцый. Галоўнае, што «Брэст» застаўся моцным клубам: поспехі ў Лізе чэмпіёнаў ён сумясціў з дзявятым месцам у Лізе 1, а ў сезоне 2025/26 фінішаваў 12-м, не думаючы пра барацьбу за выжыванне.

Калі падчас сезона 2022/23 спартыўны дырэктар Грэгары Ларэнцы даверыўся Руа, многія называлі «Брэст» відавочным прэтэндэнтам на вылет. Але Руа выратаваў клуб ад паніжэння ў класе, а ўжо ў наступным сезоне вывёў яго ў Лігу чэмпіёнаў.

Руа афіцыйна стаў трэнерам «Брэста» 3 студзеня 2023 года. Атрымаецца, што пра страшны дыягназ ён даведаўся або непасрэдна перад прызначэннем, або адразу пасля яго.

Руа працягваў трэніраваць да апошняга дня жыцця і нават не губляў свайго пачуцця гумару на прэс-канферэнцыях. Напрыклад, перад матчам з «ПСЖ» ён заўважыў: «Чарговы матч супраць «ПСЖ» успрымаецца горш, чым паход да стаматолага».

Раней, калі Эрыку нагадвалі, што ад яго чакалі вылету, ён з выдатнай іроніяй адказваў: «Будзь я спартыўным дырэктарам, я б не прызначыў сам сябе трэнерам».

«Брэст» Руа запомніцца як максімальна баявая каманда. У прарыўным сезоне яна літаральна змятала супернікаў. Каманда падняла планку адзінаборстваў на ўзровень, які быў выключным нават для французскага чэмпіянату. Яна лідзіравала па колькасці выйграных адзінаборстваў, навесаў і высокіх вяртанняў мяча. Няўступлівы, жорсткі, моцны, дысцыплінаваны — так можна было ахарактарызаваць амаль кожнага футбаліста «Брэста».

Заўзятары «Брэста» былі ў захапленні ад Руа: за яго гумар, за блізкасць да фанатаў, за тое, што ён пранікся духам горада, прывіў камандзе адпаведныя працоўныя каштоўнасці і заўсёды насіў пірацкую кепку — адзін з галоўных фанацкіх атрыбутаў.

Яго празвалі Каралём Эрыкам. Поспех «Брэста» стаў адной з найпрыгажэйшых гісторый у еўрапейскім футболе апошніх гадоў.

Цяпер, калі вядома, што трэнер змагаўся з цяжкай хваробай і хаваў гэта ад грамадскасці, гісторыя «Брэста» выглядае яшчэ больш неверагоднай і драматычна.

Фота: x.com/nblanzat

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула