СБУ сцвярджае, што перахапіла расійскі дакумент, з якога вынікае, што ўкраінскіх БПЛА над трасай пад Бранскам не было
Паводле паведамлення СБУ, гэты дакумент быў атрыманы ў ходзе контрразведвальных мерапрыемстваў.
Служба бяспекі Украіны заявіла, што перахапіла афіцыйны расійскі дакумент, які адмаўляе датычнасць Украіны да ўдару па аўтобусе з беларускімі грамадзянамі ў Бранскай вобласці.
Гаворка ідзе пра інфармацыйную даведку маніторынгавага цэнтра дзяржаўнай установы Бранскай вобласці «Бяспечны рэгіён». Паводле паведамлення СБУ, гэты дакумент быў атрыманы ў ходзе контрразведвальных мерапрыемстваў.
У зводцы сцвярджаецца, што на момант інцыдэнту з аўтобусам у паветранай прасторы раёна не было ўкраінскіх беспілотных лятальных апаратаў.
У прыватнасці, у перахопленай даведцы адзначаецца, што:
— «Рэгіянальны сегмент аператыўнага штаба Адзінага нацыянальнага цэнтра» не зафіксаваў БПЛА ў раёне інцыдэнту;
— наяўнасць дронаў у паветранай прасторы таксама не пацвердзіў дзяжурны радыёлакацыйнага батальёна ў расійскім населеным пункце Супанева;
— акрамя таго, дзяжурны 32‑й дывізіі расійскіх войскаў таксама не пацвердзіў палётаў беспілотных апаратаў у адпаведны час.
Такім чынам, у СБУ лічаць, што існуюць падставы меркаваць, што ўдар па аўтобусе з грамадзянамі Беларусі ў Бранскай вобласці мог быць спецаперацыяй расійскіх спецслужбаў.