Камандарм Літвы: Масква ў адчаі можа ўдарыць па стратэгічных аб'ектах
На думку Раймундаса Вайкшнораса, расійская рыторыка апошняга часу, накіраваная супраць краін Балтыі і Польшчы, верагодна, мае пэўную мэту.
Раймундас Вайкшнорас, фота з яго фэйсбука
Камандуючы войскам Літвы Раймундас Вайкшнорас мяркуе, што Уладзімір Пуцін, знаходзячыся ў адчаі, можа пайсці на пэўныя крокі, піша Delfi.lt
«Мы таксама павінны быць гатовыя да таго, што стратэгічныя аб’екты, асабліва энергетычныя, (…) калі яны будуць выведзены з ладу або пашкоджаны, гэта, верагодна, будзе мець найбольшы ўплыў на грамадства», — заявіў Раймундас Вайкшнорас у эфіры Žinių radijas у чацвер.
Ён дадаў, што ў такім выпадку можа ўзнікнуць незадаволенасць у грамадстве. Аднак, паводле слоў камандуючага войскам, дзяржаўныя інстытуты існуюць для таго, каб забяспечваць стабільнасць і бяспеку грамадзян.
«Міністр унутраных спраў ужо звяртаўся, і сумесна са Службай грамадскай бяспекі войска выдзеліла рэсурсы для ўзмацнення аховы пэўных стратэгічных аб’ектаў. Пакуль СГБ, як кажуць, не ўзмоцніць свае магчымасці, бо ім таксама неабходна набіраць дадатковы персанал, адным з нашых абавязкаў паводле закона з’яўляецца аказанне дапамогі на запыт», — адзначыў ён.
На думку Раймундаса Вайкшнораса, расійская рыторыка апошняга часу, накіраваная супраць краін Балтыі і Польшчы, верагодна, мае пэўную мэту
«Бо пакуль гэта толькі словы, але, акрамя слоў, нават сёння цяжка сказаць, што асобныя інцыдэнты ў паветранай прасторы, залёты і іншыя выпадкі былі проста супадзеннем. Але паглядзіце, мы ўжо не першы год жывём у такім цесным суседстве з Расіяй, якая пастаянна спрабуе тым ці іншым чынам разарваць адносіны з намі — і не толькі з Літвой, але і з Латвіяй ды Эстоніяй. І гэтыя дэзінфармацыйныя кампаніі, што вядуцца сёння, накіраваныя, магчыма, проста на падрыў даверу да дзяржаўных інстытутаў, да войска і да самой дзяржавы», — сказаў Вайкшнорас.
Камандуючы войскам адзначыў, што гэта расійскія прапагандысцкія інструменты, накіраваныя на атручванне свядомасці людзей, пасеў страху і панікі.
«Аб’яднанне некалькіх розных інцыдэнтаў у адну карціну паказвае, што расіяне ніколі не дрэмлюць і, верагодна, ніколі не драмалі. Хоць нам магло здавацца, што ў нейкі момант яны спрабавалі ісці шляхам дэмакратыі, іх мэта — раскалоць грамадства і падарваць давер, — сказаў ён.
Існуюць розныя меркаванні адносна таго, чаму Расія пайшла на такі крок. Аналітыкі і спецыялісты НАТА, паводле слоў Раймундаса Вайкшнораса, адзначаюць, што агрэсар, хутчэй за ўсё, не дасягае поспеху ў вайне супраць Украіны, расіяне страчваюць ініцыятыву, а ўкраінцы «добра даюць адпор».
«Падобна, што недзе Уладзімір Пуцін знаходзіцца ў стане адчаю. Магчыма, мы яшчэ не ведаем, што ён задумвае, але ён можа нешта рыхтаваць. І гэтыя сігналы, якія пакуль носяць ускосны характар, прымушаюць нас быць больш пільнымі», — заявіў камандуючы войскам.
Ён запэўніў, што літоўскае войска заўсёды гатовае, валодае значнымі магчымасцямі, нясе дзяжурства штодня і гатова аказаць дапамогу як у выпадку крызісу, так і пры любых іншых непрадбачаных абставінах.
«Я думаю, што ўсё гэта найперш адрасавана нашаму грамадству, каб яно не расслаблялася, ведала, дзе мы знаходзімся, у якім геаграфічным становішчы жывём і хто нашы суседзі», — адзначыў Раймундас Вайкшнорас.